Гомельскі святар Уладзімір Драбышэўскі адбыў пакаранне ў 25 сутак за мірны пратэст. Ён распавёў «Моцным навінам», як правёў амаль месяц у ІЧУ.

Уладзіміра Драбышэўскага ў пятніцу, 18 верасня, выклікалі ў Савецкі РАУС «для гутаркі». Адтуль пад канвоем яго адвезлі на суд, а далей — у ІЧУ.

Пра паход у РУУС і затрыманне

— У РАУС я пайшоў з адвакатам, прапусцілі і майго бацьку. Вельмі маладыя супрацоўнікі, усе ў масках, адзін вельмі негатыўна рэагаваў. У гэтага неабыякавага супрацоўніка на сцяне ў рамачцы вісіць тэкст прысягі рускага афіцэра 1804 года, пры тым, што ён адкрыта хлусіў у твар, хаміў адвакату. Мы вельмі доўга чакалі. Адвакатка папрасіла назваць імя начальніка, каб падаць скаргу. І вось гэты супрацоўнік заяўляе, што не ведае, хто яго начальнік, як яго завуць, дзе яго кабінет.

Склалі пратакол за акцыю каля ГДТУ імя Сухога. Я не пагадзіўся з напісаным і адмовіўся ад дачы тлумачэнняў. Потым аформілі другі пратакол — за акцыю на Савецкай (за яго потым я атрымаў 15 сутак).

У канцы 30-х раскулачылі мужа сястры майго дзеда Апанаса, той быў кулаком — гаспадарлівым дамавітым селянінам. Жылі пад Гомелем, бедна, 8 дзяцей. Дзеда арыштаваў НКВД, ён некалькі месяцаў адседзеў у Гомельскай турме. З яго ляпілі польскага шпіёна. Асобна дапытвалі бабулю. Дзед з бабуляй трымаліся (лішняга не набалбаталі), і справа не зляпілася. Дзякуй Богу!

І вось — горкая іронія. Унук, праз 90 гадоў, таксама «польскі шпіён»: кіруецца праз космас з цэнтру ў Варшаве. Дакуль жа будзем цярпець?!

ІЧУ: чым кармілі, як ставіліся

У ІЧУ шмат маладых супрацоўнікаў. Пару чалавек былі з нармальнымі вачыма — мне іх шкада. Я сабе слаба ўяўляю, як у школе настаўніца: «Каця, кім будзеш, калі вырасцеш? — Доктарам. — Малайчына. А ты, Пецечка? — А я буду ахоўваць людзей на зоне. — Малайчына, Пецечка, хтосьці павінен рабіць гэтую працу». - Я не ведаю, як сябе можна прысвяціць гэтаму.

У мяне не было асабістага кантакту з турэмшчыкамі, але ўсе ведалі, што я святар. Сказаць, што яны баяцца, як чорт ладану, майго падрасніка — могуць мяне западозрыць у нейкі нездаровай містыцы. Я на судзе быў у форме, у ІЧУ я прыехаў у падрасніку з крыжам. Я быў у прывілеяваным становішчы: пры паступленні, калі абшукваюць і распранаюць, мяне не прымусілі здымаць бялізну. Адзін хлопец мне прапанаваў [зняць бялізну], я спытаў: калі ён калі-небудзь зойдзе ў царкву на Вялікдзень ці на Каляды, ці не сапсуе ён сабе свята відам святара, які прысядае? Ён з такой цікавай інтанацыяй сказаў, што, калі гэта мяне зневажае, я магу не здымаць. Стварылася ўражанне, што ён не разумее, што гэта прыніжае любога чалавека.

Пасля трох шмонаў (я апранаў падраснік) яны падманным шляхам у мяне яго сталі адбіраць, патрабавалі. Кажу: гэта мая вопратка, у жанчын вы таксама адбіраеце доўгія спадніцы, нязручна абшукваць ногі? Але вырашыў не ісці на канфлікт, каб яны здымалі з мяне яго сілай. Аддаў.

Калі везлі на суд другі раз, я настойліва дабіваўся, каб надзець падраснік. Яны пайшлі насустрач, але сказалі, што крыж не аддадуць у любым выпадку. Калі назад прывезлі ў ІЧУ, адразу ж забралі ўсё зноў. Наогул, усё залежыць ад іх настрою. На першых сутках я папрасіў другую коўдру — прынеслі з першага разу.

Ад родных да мяне даходзіла менш прадуктаў, чым перадавалася. Я бачыў па спісе, напрыклад, сала, каўбаса, яшчэ нешта, але без вагі. Думаў, што, напэўна, шмат не дазваляюць — 150-200 г, жменька-дзве. Родныя потым здзіўлена распавядалі, што сала перадавалася па паўкілаграма, сухой каўбасы палку. Хто з'ядаў ці куды выкідвалася астатняе, я не ведаю.

— 25 дзён у камеры цяжка знаходзіцца?

— Так, хацелася бачыць гарызонт. Нават гарадскі (смяецца). Думаў, прыйду дадому і адключу электрычнасць. Але мне было лягчэй: дзякуючы свайму росту, хоць я не змяшчаўся ў шконку, мог глядзець у акно. Калі я хацеў на шпацыр — у мяне ён быў: я стаяў і глядзеў на вуліцу, на дрэвы, надвор'е. Прыходзілі валанцёры, адну нядзелю на губным гармоніку гралі, яшчэ нехта крычаў, нехта махаў рукамі.

Кожную нядзелю мы бачылі, як сілавікі рыхтуюцца да разгону — гадзін у 11-12 прыязджаюць аўтазакі, бусікі, усе з'язджаюцца, у масках. Яны ўсміхаюцца адзін аднаму, абдымаюцца, рыхтуюцца ехаць разганяць жанчын, пенсіянераў. Вельмі бадзёра заўсёды выглядаюць.

Лічу, што трэба кардынальна перагледзіць умовы ўтрымання. Мне часам кажуць: ну, гэта ж не ў Нарвегіі, там Брэйвік у трохзоркавым гатэлі яшчэ і адукацыю атрымлівае па інтэрнэце. Вось нават так і павінна быць! Гэта тое, што неабходна любому чалавеку. Тое, што кажа Леўчанка: забіралі матрац, бялізну — я не ўяўляю ступень садызму, бесчалавечнасці людзей, якія аддавалі і выконвалі гэтыя загады. Не даваць ваду, каб змыць туалет, давесці чалавека, каб вошы з'явіліся, мне цяжка ўявіць ступень маральнага падзення гэтых людзей.

Таму, калі мы будзем будаваць новую краіну, утрыманне ў такіх месцах трэба змяніць.

Пра вызваленне

Калі выпускалі, быў цырк: прыйшлі загадзя, настойвалі, каб я быў у спартыўных штанах. У спіну дзяжурны спытаў, у якой царкве служу — відавочна, каб выпадкова туды не прыйсці і не сустрэць бацюшку, якога тут распраналі.

Сказалі, што павязуць у Савецкі РАУС для прафілактычнай гутаркі. Пасадзілі ў стакан, не хапала паветра, дзверы адкрыць адмовіліся. Доўга вазілі па раёне, нейкі адрэзак шляху (доўга), нават рухаліся заднім ходам. Давозілі да таго, што мне стала дрэнна. Калі выйшаў, я не ведаў, чаго чакаць: у турму КДБ прывезлі ці куды?

Я выйшаў на дарогу, прысеў на траву: перад вачыма цёмна, ногі зацяклі. «Мы вас дадому прывезлі, тут недалёка», — кажуць. Я бачу нейкія прыватныя дамы, але не мой. Пастаялі нейкі час, паглядзелі, каб я не ўпаў, і з'ехалі. Ну, а я ў гэтых штанах, у кофце пайшоў. Яны вельмі настойвалі, каб я не быў у святарскай форме.

Пра лісты палітвязням

Я масу паштовак, лістоў атрымаў: з Брэста, Полацка, Гродна, Мінска — не толькі Гомельшчына. Вялікі ўсім дзякуй, што падтрымлівалі мяне! Вось я думаў і не ведаў, аб чым пісаць палітвязням. Цяпер ведаю: можна паспрабаваць пагутарыць з чалавекам, навіны якія-небудзь расказаць, акрамя «трымайцеся, мы разам». Мне здаецца, гэта вельмі важна. І пра надвор'е. Я вось вельмі турбаваўся, што пачне халадаць, а я пачынаў захворваць, у мяне хранічны бранхіт.

Яшчэ гэта важна, таму што яны [супрацоўнікі ІЧУ] чытаюць, бачаць адрасы, што гэтыя лісты не ад родных. Разумеюць, што не маргіналы сядзяць — што гэта яны ў меншасці.

Адна дзяўчына вельмі пісьменна пісала, навіны спрабавала складаць, даслала размалёўку і распавяла, як у спецыяльнай тэхніцы ручкай паўтонамі [маляваць]. Вось чалавек спрабаваў нешта мне прапанаваць, каб прабавіць час. Тыя, хто вызваліўся, пісалі, паказвалі нумар камеры, перадавалі прывітанне.

Дзеці пісалі выдатныя лісты: «Тата, мы праходзім Пушкіна «Узнік», а па гісторыі — паўстанне дзекабрыстаў». Думаю: О як! Трэба потым у падручніку паглядзець, што там Міністэрства адукацыі, піша пра паўстанне дзекабрыстаў — можа, трэба нешта паралельна расказаць (смяецца).

— Як сям'я перажывала вашыя 25 сутак?

— Дзеці вельмі цікавіліся, ці выводзяць мяне з іншымі зняволенымі пагуляць (смяецца), пра ложак пыталіся. Міліцыя вельмі моцна напалохала маіх дзяцей, асабліва малодшых — і голас Уладзіміра становіцца цяжкім. — Цяпер нам з жонкай даводзіцца гэта ўлічваць. Я вельмі ўдзячны некаторым настаўнікам (маўчыць). У школе дапамогу прапаноўвалі, і ў сына ў ліцэі вельмі выдатныя настаўнікі (плача).

Калі лічыце, што я выйшаў на волю ці вы цяпер на волі — розніца толькі ў даўжыні ланцуга і ва ўмовах утрымання. Мы ў Беларусі не свабодныя людзі. Там камера дзесьці 3,5×3,5 і яшчэ ж стаяць гэтыя шконкі, рукамыйніца, тое, што яны называюць прыбіральняй, і столік. І бясконцае святло. Таму даўжыня ланцуга ў камеры — 2 метры. А цяпер я выйшаў, тут проста ланцуг троху даўжэйшы? Але ён жа ўсё роўна ланцуг.

— Дзеці цяпер не кажуць: тата, больш не хадзі?

— Не. Яны мне малявалі БЧБ-сцягі «Кусь за Беларусь», пісалі, што мы пераможам. Гэтыя дзеці ўжо не захочуць жыць ні пры новай канстытуцыі лукашэнкаўскай, ні пры гэтым рэжыме. Думаю, мае дзеці не адны такія.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0