Пра гэта яна заявіла ў Гродне, куды прыехала на суд над актывістам Ежы Грыгенчам, якога судзілі за Ланцуг салідарнасці, што прайшоў 19 чэрвеня (яму далі 10 сутак), піша hrodna.life.
«Сёння я з'яўляюся адзіным апазіцыйным і рэальным праціўнікам дзеючага кіраўніка дзяржавы, — заявіла яна. —
Па-праеўрапейску настроеным, што не паддаўся ўплыву расійскіх лялькаводаў. І я выкарыстоўваю ў сваіх агітацыйных матэрыялах беларускую мову, выступаю за вяртанне Дня Незалежнасці на 25 сакавіка, калі сапраўды ў Беларусі ў найноўшай гісторыі паўстала права на незалежнасць».
Канапацкая падкрэсліла, што яна адзіная, хто выступала і выступае за дэнансацыю дамовы паміж Расіяй і Беларуссю.
— Каго з сапернікаў сёння лічыце самым сур'ёзным, акрамя Аляксандра Лукашэнкі?
— У гэтай электаральнай кампаніі толькі я і Аляксандр Рыгоравіч. Больш нікога з рэальных палітыкаў, якія маглі б сапраўды прад'яўляць прэтэнзіі на ўладу, няма.
Таксама яна сказала, што не думае здымацца з выбараў, каб не легітымізаваць іх.
«Сёння мы бачым, што падтрымка сапраўды не 60-70%, як гэта было 20-30 гадоў таму. І мы не ведаем, як будзе адбывацца падлік галасоў. Мы разумеем, што адна справа, калі людзі, якія сядзяць у тэрытарыяльных камісіях, бачаць, што ў іх прыйшлі за кандыдата прагаласавалі 50-60%, але яны заплюшчваюць вочы і пішуць 63% ці 73%. Сёння, калі падтрымка складае 25-27%, можа, у іх не падымецца рука напісаць іншыя лічбы», — мяркуе Канапацкая.
Яна дадала, што «вельмі многія прэтэндэнты на кандыдацтва выканалі сваю задачу».
«Я раней казала, што вельмі складана 20 гадоў быць слугой рэжыму, а потым раптоўна перарабіцца ў рэвалюцыянера-рэфарматара. Бабарыка ў тым ліку. Гэта немагчыма. Нягледзячы на гэта, я жадаю ўдзельнікам электаральнай кампаніі сіл і мужнасці», — кажа Канапацкая.





