ЕС настойліва заклікае беларускія ўлады забяспечыць рэальныя канкурэнтныя ўмовы ў перадвыбарнай кампаніі. Ні адзін патэнцыйны кандыдат не павінен быць пазбаўлены магчымасці зарэгістравацца з-за палітычна матываваных абмежавальных мер. Пра гэта гаворыцца ў заяве ЕС.
— ЕС заклікае беларускія ўлады неадкладна вызваліць Віктара Бабарыку і ягонага сына Эдуарда з папярэдняга зняволення і гарантаваць поўнае выкананне вяршэнства закона, уключаючы права на сумленнае і празрыстае расследаванне і права на адваката, — гаворыцца ў заяве.
У ЕС мяркуюць, што беларускія ўлады павінны паважаць асноўныя свабоды і правы чалавека ў адпаведнасці з міжнароднымі абавязацельствамі Беларусі — устрымлівацца ад любых абмежаванняў правоў патэнцыйных кандыдатаў і пазбягаць любых затрыманняў мірных дэманстрантаў.
— Паведамленні аб выпадках жорсткага абыходжання з асобамі, затрыманымі за ўдзел у мірных акцыях пратэсту, у тым ліку Паўла Севярынца, выклікаюць крайнюю трывогу, — гаворыцца ў заяве ЕС.
— Бяспечныя, мірныя, свабодныя і справядлівыя выбары будуць спрыяць дэмакратычнаму развіццю ў Беларусі, умацуюць яе суверэнітэт і незалежнасць і пракладуць шлях да больш цеснага супрацоўніцтва з ЕС і эканамічнага росквіту беларускага народа, — гаворыцца ў заяве ЕС.





