Вялікі магістр Мальтыйскага ордэна Джакама дала Торэ дэль Тэмпіа ды Сангінета памёр ва ўзросце 75 гадоў. Пра гэта паведамілі ў прэс-службе каталіцкага ордэна.

28 красавіка Торэ ў крытычным стане шпіталізавалі ў адну з клінік Рыма.

Ria.ru са спасылкай на крыніцы ў кіраўніцтве Мальтыйскага ордэна паведамляе, што магістр не быў інфікаваны каранавірусам, а памёр ад анкалагічнага захворвання.

Джакама дала Торэ дэль Тэмпіа ды Сангінета стаў рыцарам ордэна ў 1995 годзе. На пасаду 80-га князя і вялікага магістра Мальтыйскага ордэна яго абралі ў траўні 2018 года.

Мальтыйскі ордэн быў заснаваны ў 1048 годзе і лічыцца найстарэйшым рыцарскім ордэнам. Ён размяшчаецца на тэрыторыі Італіі і Мальты і па міжнародным праве з'яўляецца дзяржавападобным утварэннем. Пры гэтым сам ордэн пазіцыянуе сябе як дзяржава. Акрамя таго, ордэн мае статус назіральніка пры ААН і падтрымлівае дыпламатычныя і афіцыйныя адносіны са 116 дзяржавамі. Штаб-кватэра ордэна размяшчаецца ў Рыме.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0