Небяспечная рыбная прадукцыя трапіла ў «нерат» спецыялістаў абласной інспекцыі Дзяржстандарту па Віцебскай вобласці, піша vitbichi.by. Падчас праверкі ў гандлёвай сетцы Віцебска яны выявілі рыбныя прэсервы са шматразовым перавышэннем дрожджаў ў складзе.

 

Пад Дзяржнагляд патрапілі прэсервы рыбныя «Люба есці» гандлёвай маркі «VIСI» у палімернай 200- і 150-грамовай упакоўцы (выраблены ТАА «Вічунай-Русь»). Іх пастаўшчыком ў нашу краіну з'яўляецца замежнае гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства «ЭкаФорт», якое знаходзіцца ў Мінскім раёне. Падчас выпрабаванняў у акрэдытаванай лабараторыі выявілася, што вырабы гэтай маркі некалькіх найменняў не адпавядаюць патрабаванням тэхнічнага рэгламенту ЕАЭС «Аб бяспецы рыбы і рыбнай прадукцыі» па перавышэнні дапушчальнага ўзроўню дрожджаў. Іх утрыманне ў харчовай прадукцыі проста зашкаліла.

Калі ў селядцы ціхаакіянскім салёным у алеі з кропам «Царскі» утрыманне дрожджаў перавысіла норму ў 55 разоў, у селядцы салёным «Арыгінальны» — у 60, дык у «Асарці з філе-кавалачкаў селядца ціхаакіянскага салёнага і скумбрыі атлантычнай халоднага вэнджання ў алеі» — у 140 разоў. Селядзец ціхаакіянскі філе-кавалачкі салёны ў алеі «Да бульбы» стала па выніках выпрабаванняў антырэкардсменам. Непажаданых дражджавых грыбоў у ім выявілася ў 400 (!) разоў больш за дапушчальную норму. Ужыванне такіх кансерваў можа прынесці шкоду здароўю, асабліва ў людзей з паніжаным імунітэтам.

Дзяржстандарт спыніў дзеянне на тэрыторыі Беларусі дэкларацыі аб адпаведнасці, якой суправаджаліся пракантраляваныя прэсервы. Ад пастаўшчыка запатрабавалі выдаліць небяспечную прадукцыю з продажу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0