У Вярхоўную Раду Украіны праходзяць пяць палітычных партый, сведчаць звесткі Нацыянальнага экзіт-пола.

Так, за партыю «Слуга народа» прагаласавалі — 44,2%, «Апазіцыйную платформу — За жыццё» — 11,4%, за партыю «Еўрапейская салідарнасць» Пятра Парашэнкі — 8,8%, за партыю «Бацькаўшчына» — 7,4%, «Голас» — 6,5% выбаршчыкаў.

Астатнія партыі набралі менш за 5%.

Паводле партыйных спісаў абіраецца 225 дэпутатаў, яшчэ 199 праз мажарытарную сістэму. 26 дэпутацкіх месцаў застаюцца вакантныя: гэта акругі акупаваных Крыма і ўсходняга Данбаса.

«Слуга народа» набірае менш, чым спадзяваўся. Ці атрымае «Слуга народа» абсалютную большасць у Радзе, вырашыцца ў аднамандатных акругах, дзе ўкраінцы часта галасуюць за яскравую ці багатую асобу, а не за партыю.

Прарасійская «Апазіцыйная платформа — За жыццё» набірае прыкладна столькі ж, колькі яе кандыдат на прэзідэнцкіх выбарах.

У выбарчым спісе «Еўрапейскай салідарнасці» ў Раду праходзяць два лідары крымскіх татар — народа, які не прыняў анексіі Крыма Расіяй і захоўвае вернасць Украіне. Гэта Мустафа Джэмілеў і Ахтэм Чыйгоз.

«Слуга народа» займае цэнтрысцкія пазіцыі на ўкраінскай палітычнай сцэне. Дзве найбольш праеўрапейскія і пранацыянальныя сілы — гэта «Еўрапейская салідарнасць» і «Голас».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0