У Тбілісі тысячы людзей выйшлі на акцыю пратэсту да будынка парламента з-за скандальных паводзінаў расійскай дэлегацыі, якая прыбыла ў Грузію на сесію Міжпарламенцкай асамблеі праваслаўя.

Расійскі дэпутат, член Камуністычнай партыі Сяргей Гаўрылаў, адкрыў сесію асамблеі, седзячы ў крэсле спікера парламента.

Працягнуць выступ Гаўрылаву не дазволілі дэпутаты апазіцыйных партый «Еўрапейская Грузія» і «Адзіны нацыянальны рух» — яны заблакавалі трыбуну.

Пасля зрыву пасяджэння члены расійскай дэлегацыі вярнуліся ў гатэль у цэнтры Тбілісі. Ля ўваходу ў будынак на працягу трох гадзін доўжылася акцыя пратэсту, удзельнікі якой патрабавалі, каб Гаўрылаў публічна папрасіў прабачэння за свае дзеянні і неадкладна пакінуў краіну.

Фота: Грузінскае тэлебачанне.

Фота: Грузінскае тэлебачанне.

Расійская дэлегацыя ў суправаджэнні ўзмоцненай аховы ўжо вылецела з Грузіі.

Удзельнікі апазіцыйнага мітынгу ўварваліся на тэрыторыю парламента Грузіі.

Удзельнікі акцыі патрабуюць адстаўкі старшыні парламента Іраклія Кабахідзэ, кіраўніка МУС Георгія Гахарыя і кіраўніка службы бяспекі Грузіі Вахтанга Гамелауры з-за візіту расійскіх дэпутатаў у Тбілісі.

Узброеныя дубінкамі і шчытамі паліцэйскія спрабуюць перашкодзіць штурму будынка. Ва ўнутраны двор парламента прарваліся каля сотні чалавек.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0