У прысваенні 349 тыс. рублёў падазраюць 36-гадовую загадчыцу мэблевай крамы ў Барысаве, паведамілі ва УУС Мінскага аблвыканкама.

Буйную нястачу выявілі падчас рэвізіі. На пытанні аб прычынах адсутнасці сродкаў за прададзены тавар работніца адказала, што мэблю купілі жыхары іншай дзяржавы, дамовіўшыся расплачвацца паступова. Гэта было няпраўда.

Загадчыца крамы заваблівала пакупнікоў коштам ніжэй за сабекошт мэблі. Людзі ўносілі грошы за прадукцыю, але не атрымлівалі дакументаў, якія пацвярджаюць факт аплаты. У касу сродкі таксама не паступалі. На рэалізаваную мэблю жанчына складала фіктыўныя дагаворы куплі-продажу з растэрміноўкай плацяжу. Апошняя афармлялася на дадзеныя грамадзян, якія некалі зрабілі пакупкі ў краме, сваякоў. Фігуравалі нават выдуманыя імёны.

Па дадзеных аператыўнікаў, жанчына траціла «мэблевыя» грошы ў тым ліку на замежныя паездкі, рамонт у кватэры, набыццё нятаннай тэхнікі.

Заведзена крымінальная справа.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0