Віктар Алксніс. Фота: Wikimedia Commons.
Былы дэпутат расійскай Дзярждумы Віктар Алксніс у інтэрв'ю выданню «Свободная пресса» прааналізаваў выказванне Аляксандра Лукашэнкі пра гатоўнасць раздаць сем мільёнаў адзінак зброі на выпадак ваеннага канфлікту, а таксама цяперашні стан беларуска-расійскіх адносін.
На думку палітыка, абедзве краіны вінаватыя ў пагаршэнні адносін, але віна Расіі — большая.
Адной з праблем было тое, што ў Пуціна і Лукашэнкі не склаліся асабістыя адносіны:
«Калі я быў у першай палове 2000-х дэпутатам Дзярждумы, магу сцвярджаць: проста адчувалася, што Пуцін вельмі не любіць Лукашэнку. Адпаведна, беларускі лідар пачаў рабіць тое самае».
Былы дэпутат прызнае, што Саюзная дзяржава фактычна перастала існаваць.
Крытыкуе Алксніс і былога пасла Расіі Сурыкава, які, на яго думку, «займаўся невядома чым».
І паколькі з кожным годам асабістыя адносіны Пуціна і Лукашэнкі толькі горшалі, беларускі лідар пачаў усведамляць, што з'яўляецца лішнім. І адпаведна пачаў паступова праводзіць палітыку, накіраваную на сыход са сферы ўплыву Расіі, лічыць былы дэпутат Дзярждумы:
«Яшчэ 10 гадоў таму Лукашэнка мог разлічваць на падтрымку Расіі — палітычную, эканамічную, на міжнароднай арэне. Але па меры пагаршэння адносін гэтая падтрымка скарачалася. А цяпер Масква вырашыла і зусім спісаць Лукашэнку — знайсці яму замену».
Лукашэнка выдатна разумее, што застаўся адзін, лічыць Алксніс. І што ён можа разлічваць толькі на падтрымку ўнутры Беларусі.
Палітык звяртае ўвагу на тое, што Беларусь у гады вайны была партызанскім краем, і беларусы вельмі ўмела ваявалі супраць вермахта:
«Так што цяперашняе пасланне Лукашэнкі, без сумневу, намякае пра тыя часы, і адрасавана менавіта Расіі, а не Захаду».
Такія выбрыкі ў бок Расіі сведчаць аб тым, што Лукашэнка загнаны ў кут, лічыць былы дэпутат.
На яго думку, прызначэнне паслом Міхаіла Бабіча сведчыць, што Масква рыхтуецца калі не да сілавога варыянту рашэння беларускай праблемы, то да варыянту закручвання гаек.





