У Віцебску затрымалі двух прадстаўнікоў крыміналітэту рэгіёна, паведаміў карэспандэнту БелТА начальнік аддзела па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю 7-га ўпраўлення (па Віцебскай вобласці) ГУБАЗіК МУС Руслан Баязітаў. Затрыманні праводзіліся 5 і 9 красавіка пры сілавой падтрымцы АМАПу.

Так, 5 красавіка быў затрыманы неаднаразова судзімы жыхар абласнога цэнтра 1965 года нараджэння, які ў крымінальным асяроддзі пазіцыянаваў сябе як «сматрачы за Віцебскам». Вядома, што ў дзень затрымання ён падбухторваў двух грамадзян да дачы хабару службовым асобам пракуратуры і суда Віцебска. Сума ў $4,5 тыс. і BR600 павінна была дапамагчы вырашыць пытанне па змене меры стрымання і прызначэнні пакарання, не звязанага з пазбаўленнем волі, у дачыненні да абвінавачанага, які знаходзіцца ў СІЗА Віцебска. Затрыманаму ўдалося завалодаць часткай гэтых грошай.

6 красавіка ў дачыненні да віцебчука заведзена дзве крымінальныя справы: па ч.5 арт.16, ч.2 арт. 431 КК (падбухторванне да дачы хабару ў буйным памеры) і ч.1 арт.14, ч.3 арт.209 КК (махлярства ў буйным памеры). Санкцыі названых артыкулаў прадугледжваюць пакараннне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да 7 гадоў з канфіскацыяй маёмасці. Абвінавачаны зняволены і змешчаны ў СІЗА Віцебска.

Па наяўнай інфармацыі, гэта не адзінкавы выпадак падбухторвання да дачы хабараў і махлярстваў з яго боку. Руслан Баязітаў растлумачыў, што затрыманы з'яўляецца прадстаўніком крыміналітэту старой фармацыі, мае шырокія сувязі сярод крымінальных аўтарытэтаў на постсавецкай прасторы.

Фота УУС Віцебскага аблвыканкама

Фота УУС Віцебскага аблвыканкама

Другі затрыманы (на фота) — беспрацоўны раней судзімы віцябчук 1976 года нараджэння. Ён з 2016 па снежань 2017 года праз махлярства завалодаў буйной сумай грошай мясцовага жыхара. Абвінавачаны падахвоціўся «аказаць садзейнічанне» ў вяртанні грошай даўжнiка, выкарыстоўваючы свой ўяўны аўтарытэт у крымінальных колах. Грашовыя сродкі даўжнік стаў вяртаць, але да крэдытора яны так і не дайшлі. У выніку даўжнік вымушаны быў звярнуцца ва ўпраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю. Акрамя таго, шляхам вымагальніцтва пад пагрозай прымянення гвалту і з прымяненнем гвалту прымушаў пацярпелага аплачваць крэдыт у памеры больш за Br2 тыс., аформлены на іншую асобу. Грошы пералічваліся на банкаўскую картку падазраванага, былі і наяўныя плацяжы — штомесяц ён атрымліваў ад ахвяры $150, у тым ліку за так званае крымінальнае заступніцтва.

Віцебскім ГАСК 9 і 11 красавіка ў дачыненні да затрыманага распачаты крымінальныя справы па ч.3 арт.209 (махлярства ў буйным памеры), ч.2 арт. 208 КК (вымагальніцтва з пагрозай прымянення гвалту і ўжываннем гвалту). Санкцыі названых артыкулаў прадугледжваюць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да 10 гадоў з канфіскацыяй маёмасці. Абвінавачаны арыштаваны і змешчаны ў СІЗА Віцебска. Праваахоўнікі правяраюць інфармацыю аб здзяйсненні ім аналагічных злачынстваў раней. Грамадзяне, пацярпелыя ад супрацьпраўнай дзейнасці мужчыны, могуць паведаміць інфармацыю па тэлефонах 8 (029) 714 44 25, 8 (0212) 66 50 44, 67 48 76 або 8 (033) 399 80 44.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0