У 1991 годзе большасць украінскіх школьнікаў атрымлівала адукацыю не на роднай мове. 45% школьнікаў навучалася на ўкраінскай мове, а 55% — на рускай.

Праз дзесяцігоддзе ўкраінская мова вярнула свае пазіцыі. 72,5% школьнікаў вучыліся па-ўкраінску.

У некаторых гарадах рускія школы цалкам зніклі яшчэ ў 1990-я. Напрыклад, у Роўне апошняя руская школа закрылася яшчэ ў 1996 годзе. 

Цяпер з’явіліся новыя дадзеныя ўкраінскага Інстытута адукацыйнай аналітыкі па мове навучання ўкраінскіх школьнікаў за 2017 год. Можна з упэўненасцю сказаць, што Украіна канчаткова вярнула сваю нацыянальную мову ў дашкольную і сярэднюю адукацыю.

На сёння ва Украіне толькі 7% дзяцей атрымлівае адукацыю на рускай мове (без уліку акупаваных тэрыторый) — каля 278 тысяч чалавек. Большасць рускіх школ — на поўдні і ўсходзе краіны.

У некаторых рэгіёнах не засталося ніводнай рускай школы — у Ровенскай, Жытомірскай, Валынскай, Вінніцкай, Хмяльніцкай, Кіеўскай абласцях і нават у самім Кіеве. У пералічаных рэгіёнах 100% школьнікаў навучаецца па-ўкраінску. У некаторых школах руская мова працягвае вывучацца як асобны прадмет ці факультатыў.

Больш за ўсё рускіх школ у Харкаўскай і Адэскай абласцях (па 107), Данецкай і Луганскай (па 100). Але нават там большая частка школьнікаў навучаецца па-ўкраінску.

Існуе невялікая колькасць школ, дзе навучанне адбываецца і на іншых мовах нацыянальных меншасцяў: на Закарпацці ёсць венгерскія і румынскія школы, у Чарнавецкай і Адэскай абласцях румынскія (малдаўскія) школы, у Івана-Франкоўскай і Львоўскай вобласці ёсць 3 польскія школы.

У хуткім часе руская мова ўвогуле знікне з украінскіх школ. У верасні 2017 года Пятро Парашэнка падпісаў закон, які будзе дазваляць выкладаць у школах толькі на мовах карэнных народаў Украіны (украінцы, крымчакі, крымскія татары, караімы). І толькі ў месцах кампактнага пражывання нацыянальных меншасцяў частку прадметаў будуць выкладаць на іх мовах (гаворка тут ідзе пераважна пра венгерскую, польскую, румынскую мовы).

Такім чынам, ужо ў 2020 годзе ва Украіне, імаверна, не застанецца ніводнай рускай школы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?