Перадача крымінальнай справы ў дачыненні да Уладзіміра Кондруся ў суд адкладваецца. Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтра «Вясна» (пазбаўлены афіцыйнай рэгістрацыі ў 2003 годзе), у канцы жніўня пракуратура Мінска вярнула справу следчаму для дадатковага папярэдняга расследавання.

Паводле звестак праваабаронцаў, упраўленню Следчага камітэта па Мінску на гэта дадзены месяц.

Як паведамлялася раней, 3 жніўня стала вядома, што ў крымінальнай справе аб масавых беспарадках у дзень прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 годаа з'явіўся новы фігурант — жыхар пасёлка Рудзенск (Пухавіцкі раён Мінскай вобласці) Уладзімір Кондрусь. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, Кондруся ўзялі пад варту 14 чэрвеня, і ў следчым ізалятары ён трымаў доўгатэрміновую галадоўку ў знак пратэсту супраць свайго зняволення, з-за чаго стан яго здароўя моцна пагоршыўся.

10 жніўня беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі Кондруся палітвязнем.

Каментуючы сітуацыю з распачынаннем у дачыненні да ўдзельніка падзей 19 снежня 2010 года крымінальнай справы, старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына 18 жніўня заявіла: «Ну так, ён не паспеў узяць мяне ў закладнікі. Вось ён проста разбіў шыбы Дома ўрада і спрабаваў у яго ўварвацца. А вось у тым выпадку, калі б ён кагосьці захапіў, вось тады б разглядалі сітуацыю інакш».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?