Дзмітрый Лукашэвіч у джынсавай куртцы, фота Улада Швядовіча

Дзмітрый Лукашэвіч у джынсавай куртцы, фота Улада Швядовіча

25 мая 2014 года мінчук Міхаіл Пішчэўскі трапіў у бальніцу ў стане комы пасля ўдару, нанесенага яму былым настаўнікам фізкультуры Дзмітрыем Лукашэвічам. Суд прызнаў Лукашэвіча вінаватым у нанясенні траўмы і прычыненні цяжкага цялеснага пашкоджання па неасцярожнасці і прысудзіў да 2,8 гадоў зняволення. Але у жніўні 2015 года Лукашэвіч ужо выйшаў з калоніі па амністыі.

У ходзе аперацый Пішчэўскаму выразалі каля 20% галаўнога мозгу. Хлопец праляжаў у коме каля месяца ў 5-й клінічнай бальніцы. Потым быў прыкуты да ложка дома. Вярнуцца да жыцця яму так і не ўдалося – праз год ён памёр.

Па словах Юліі Ганчаровай, афіцыйнага прадстаўніка СК, крымінальная справа пасля смерці Пішчэўскага была адноўлена ў сувязі з «наступленнем больш цяжкіх наступстваў у выглядзе смерці пацярпелага».

«Расследаванне пачалося па новаадкрытых акалічнасцях, — сказала Ганчарова. — Следства прызначыла і атрымала вынікі пасмяротнай судова-медыцынскай экспертызы, якая ўстанавіла, што смерць наступіла ад атрыманых цялесных пашкоджанняў. Такім чынам, устаноўлена прычынна-следчая сувязь паміж дзеяннямі абвінавачванага і смерцю Пішчэўскага».

Ганчарова паведаміла, што следства выставіла абвінавачванаму канчатковае абвінавачанне па ч. 1 арт. 144 (прычыненне смерці па неасцярожнасці) і ч. 1 арт. 339. У дачыненні да Лукашэвіча абрана мера стрымання ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе і належных паводзінах.

Абвінавачваны ўвайшоў у залу суда за пару хвілінаў да пачатку працэсу. Але калі яго пачалі здымаць — куляй выскачыў з памяшкання.

Вярнуўся, толькі калі паведамілі, што здымаць будуць, калі дазволіць суддзя.

Маці Міхаіла Пішчэўскага

Маці Міхаіла Пішчэўскага

Лукашэвіч прыйшоў на суд з «групай падтрымкі»: маці і трыма моцнымі мужчынамі (двума сведкамі са свайго боку і сябрам). Пацярпелай па справе была маці Пішчэўскага. Таксама прыйшлі брат і сястра загінулага.

Адвакат Тамара Старажэнка папрасіла далучыць да справы паперы аб тым, што Лукашэвіч сплаціў 213 мільёнаў «старых» рублёў маці пацярпелага, кампенсаваўшы такім чынам маральную і матэрыялную шкоду.

Але праз слёзы маці Пішчэўскага, Валянціна Фёдараўна, зачытала хадайніцтва, у якім папрасіла спагнаць з Лукашэвіча 100 тысяч рублёў (то бок 1 мільярд «старых» грошай) – за маральную шкоду.

Суд задаволіў хадайніцтва. Праўда, цягам працэса маці трэба будзе абгрунтаваць чым выкліканая менавіта такая сума.

Затым абвінавачанага папрасілі пераказаць падзеі таго дня, калі ён ударыў Пішчэўскага.

Лукашэвіч расказаў, што выйшаў на вуліцу, дзе выпадкова «сустрэў таварышаў». Бліжэй да вечара разам з імі ён выпіў «бутэльку піва, можа грам 150-200 гарэлкі». Затым пайшлі яшчэ па цыгарэты і піва ў начны клуб з гульнявымі аўтаматамі.

«Я выпіў, але п’яным сябе не адчуваў», — сказаў Лукашэвіч.

Каля клуба да яго падыйшла нейкая дзяўчына — хто такая і як завуць ён ужо не памятае. Разгаварыліся.

Затым, па словах Лукашэвіча, ён заўважыў як з суседняга клуба выйшлі два хлопцы «пад ручку».

«Яны праходзілі міма. Я сказаў свайму таварышу і дзяўчыне: «О, п***дзікі пайшлі!», — паведаміў Лукашэвіч.

Але хлопцы ніяк не адрэагавалі. Праз пару хвілін з таго ж клуба выйшаў яшчэ адзін малады чалавек — Пішчэўскі.

«Ён штосьці выкрыкваў, што – я не пачуў. Потым я заўважыў, што ён глядзіць на нас, адпаведна выказваецца ў наш бок. Але ўвагі асабліва на яго не звяртаў, што ён крычаў, не памятаю. Я яму не адказваў, — распавёў Лукашэвіч. — Пасля ён падыйшоў да папярэдняй пары хлопцаў.

Мы са сваёй кампаніяй праходзілі пасля міма іх і я пачуў фразу ў наш бок: «Хто тут п***ры?». Я павярнуўся. Падышоў да іх высветліць, якія прэтэнзіі ён мае да нас».

Па словах Лукашэвіча, сам ён пацікавіўся, у чым справы. Пішчэўскі нецэнзурна выказаўся ў яго бок.

«Я адчуў пагрозу з яго боку - ён крычаў, паводзіў сябе неадэкватна, размахваў рукамі, паслаў мяне. Па вачах яго я пабачыў, што чалавек нецвярозы.

Я падумаў, што ён мяне ўдарыць, тым больш іх трое, а я адзін, — сказаў Лукашэвіч. — І я нанёс удар. Правай рукой у сківіцу».

Затым Пішчэўскі ўпаў на спіну. Лукашэвіч кажа, што не бачыў, ці стукнуўся той галавой аб бардзюр.

Затым яго — Лукашэвіча — забраў сябар і яны сышлі. Але потым Лукашэвіч вярнуўся назад. Кажа, падумаў, ці не патрэбная дапамога пацярпеламу.

«А там хуткая, міліцыя. Ну і ўсё, мяне ў кайданкі і ў машыну пасадзілі».

Лукашэвіч прызнаў сваю віну ў тым, што ён ударыў Пішчэўскага. Але не прызнаў, што менавіта яго дзеянні сталі прычынай смерці.

«Я такіх наступстваў не хацеў, — сказаў ён. – Я шкадую аб тым, што здарылася».

Затым Лукашэвіч выбачыўся перад маці Пішчэўскага. Папрасіў прабачэння ў сваякоў і сяброў пацярпелага. «Я раскайваюся ў тым, што зрабіў», — сказаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?