Ніколі не адкладайце набыццё навагодніх падарункаў на вечар 31 снежня. Праз збег абставін непераадольнай сілы аўтар апынуўся за стырном у той час, калі ўсе прыстойныя людзі ўжо слухалі па тэлеку песню «Мне нраіцца, што вы бальны не мной», а рытуальны кінафільм «Іронія лёсу» пераваліў за другую палову.

фота Настассі Храловіч

Я ж быў у зоне аўтаспаборніцтва, да якой пасля 16.00 31-га можна аднесці дарогу любога беларускага горада. Вечарэла. Падаў сняжок, які не раставаў пад коламі – Новы год святкуюць не толькі людзі, але і дарожныя службы. На праспектах ішоў апошні этап зімовай гонкі Need For Speed Hot Pursuit, пабітыя тачкі сустракаліся праз кожныя 300 метраў. Кіроўцы былі заведзеныя да апошняй ступені азвярэння—– гэта калі паласа руху мяняецца не тады, калі гэта патрэбна, а тады, калі гэта тэхнічна магчыма – то бок калі ёсць прагаліна ў патоку. Рэзкае перастраенне на слізгаце, буксаванне, бах – яшчэ адзін радок дарогі выключаны! Нічога добрага на фінішы такія паводзіны мінчукоў не абяцалі. Бо калі такая цьма людзей так ірвецца некуды ў адзін бок з табой, ёсць шанец, што вы едзеце ў адно і тое ж месца. І там вайна працягнецца.

І вось фінальны пункт маршруту. Месца, дзе можна набыць падарункі.

Залятаю ў залу. Людзей шмат. Працуе дзве касы. Дзве! Але ля іх — толькі па два чалавекі. Астатнія соўгаюцца ля вітрын і, падобна, яшчэ не вызначыліся з пакупкамі. Паспеў! Вопытным вокам халерыка, які не любіць чэргі, як кот не любіць чакаць ежы, вызначаю найбольш хуткую і прыстройваюся да яе. Два чалавекі. Хлопец і дзяўчына. Магчыма, яны пара. Магчыма, яны пойдуць разам.

І тут да мяне ззаду падрульвае гэткі братэла ў ружовай шапцы з трусінымі вушкамі.

Па-за межамі гоп-стоп-культуры гэтая шапка сведчыць пра тое, што ў яе ўладальніка добры настрой і незласлівы характар. Але ў раёнах-кварталах, сярод ваяроў духу з вазелінам на касцях кулакоў яна прыкмета таго, што бык, які яе нацягнуў, настолькі круты, што нічога ўжо ў сваім жыцці не баіцца. Нават кпінаў іншых пацаноў, якім за жартачкі пра парасячыя вушы на сваім галаўным уборы адразу разаб’е мардас. І любы навокал гэта ведае і з яго не кпіць. Карацей, няпростая такая шапка.

«Не, – звяртаецца ён да мяне. – Ты не поняў. Гэта, – ён тыцнуў пальцам у дзяўчынку і хлопца перада мной, – не чарга. Вось гэта, – ён абвёў усіх людзей, якія тапталіся ў гандлёвай зале, – чарга»«У сэнсе»? – перапытаў я, не разумеючы, што гэта: нейкая новая, вытанчаная форма «завязкі» кшталту «купі цагліну» ці туземная спроба пазбавіцца канкурэнта ў чаканні. «Чарга адна, – патлумачыў ён спакойна. – Я ў ёй апошні. Калі вызваляецца каса – яны запрашаюць». І, падумаўшы, дадаў: «З Новым годам».

У ката, што чакае ежы, ёсць некалькі спосабаў паскорыць працэс. Першы і найбольш верны – пракашкіцца: г. зн. падыйсці да гаспадара, пацерціся спінай, паваркатаць, нагадаць, што пакуль ён глядзіць тэлек ці спіць, такая вось пухнатая ды абаяльная істота літаральна адкідае капыты з галадухі. У чалавека, які апынуўся ў навагоднюю ноч у велізарнай чарзе з патрэбай набыць падарункі, таксама тэарэтычна ёсць опцыя пракашкіцца: сказаць, што яму вельмі трэба, папрасіць у спадарства прапусціць.

Звычайна кашкяць у першую чаргу мамашы з дзецьмі, старыя ды інваліды. Я, натуральна, не адношуся ні да першых, ні да другіх, ні да – пакуль не пачаў кпіць з ружовай шапкі з вушкамі – трэціх. Я пільна аглядаю залу. Я бачу ў чарзе мамку з дзяўчынкай, якія, выглядае, прыйшлі па мабільны тэлефон малодшай. Двух пенсіянераў, якія цярпліва чакаюць, калі іх паклічуць. Фатэляў у зале няма, і яны прыхіліліся да сценкі. Праз секунду ў дзверы заходзіць сівы дзядзька, які абапіраецца на кіёк.

Нечым ён падобны да братэлы ў ружовай шапцы, толькі на тэрмінальным этапе ягонага развіцця. Калі атрыманыя ў вулічных баях раны ўжо вылазяць хранічнымі захворваннямі, а пяро ў руцэ дробна дрыжыць і можа не трапіць ворагу ў гарляк. Дзядзька здымае пальчаткі, агаляючы турэмныя татухі. «Хто апошні, пажалуйста»? – пытаецца ён, гледзячы ўнутр сябе, у сваё жорсткае мінулае. Я разумею, што калі нават такія не кашкяць, здаровым, маладым ды без татух кшталту мяне прасіцца няма чаго. «Буду за вамі», – стрымана кажа ён мне і стаіць, абапіраючыся на сваю кульбу.

Вы бачылі трэйлер да «Звяропалісу», той самы, з ляніўцамі (глядзець з 22-й секунды)? Дык вось, гэтая чарга цягнецца так, быццам за канторкай – толькі ляніўцы. Тут яшчэ трэба патлумачыць рэч, якую пільны чытач і так ужо зразумеў: дзея адбываецца не на Пікадзілі, не на Пятай Авеню і не на Шанзэлізэ.

Навокал – адзін з самых nigga-раёнаў нашага мегаполіса. І вось, касірка кажа: «Наступны па чарзе», – і да яе без тлуму і пылу падыходзіць наступны. «Мама, а давай пройдзем зараз! Нам жа да дзеда трэба!» – просіцца дзяўчынка ў матулі, і тая смяецца: ну і дурасць ты сказала, маленькая!

На гадзінніку – палова шостай вечара 31-га снежня. «Іронія лёсу» падышла да моманту, калі галоўны герой вырашыў кінуць сваю маладую пазітыўную гераіню і звязаць жыццё з Барбарай Брыльскай, якая добра спявае, але, выглядае, тая яшчэ сцерва і нармальнага жыцця яму не дасць. Час уздымаць келіхі за мінулы год.

Усім вельмі трэба да хаты. Усіх вельмі чакаюць.

У зале выразна чутны электрычны гул, падобны да таго, што выдаюць высакавольтныя драты ЛЭПа. Гэта гудуць нервы тых, хто чакае. У залу заходзяць новыя людзі. «Хто апошні?» – выхавана пытаюцца яны. «Я буду крайні, спасіба», – адгукаецца «сіні» ветэран вулічных разборак. Мне робіцца сорамна. Я так не пытаўся. Я адразу пёр да касаў.

Нацыя спазнаецца ў крытычных сітуацыях. Не тады, калі разам спявае гімн ля стэлы 3 ліпеня. А 31 снежня. А палове шостай. У краме. Пад электрычны гул нерваў.

Каб гэты дзядзька з кіем папрасіўся, яго б адразу прапусцілі. Бо бачна, што ледзь стаіць. Але ён маўчыць. Маўчаць і астатнія.

А я любуюся беларусамі. «Усё. Амбец. Трэ бегчы, – выдае братэла ў ружовай шапцы. – Не паспеў. Будзеш наступным, – кажа ён мне. – А мне – вілы. Час сышоў. З Новым годам».

Сацыёлаг Дэбара Стоўн называла высновы, якія робяцца пра буйную групу на падставе адзінкавага назірання за малой яе часткай, anecdotal evidence – «смешным доказам». Я пагаджуся з ёй у тым, што нельга надзяляць дрэннымі якасцямі, атрыманымі з кароткіх назіранняў за асобнымі людзьмі, увесь народ ці нацыю. Не варта пісаць дрэннае пра беларусаў на падставе іх мітуслівых паводзін на распродажах, тым больш што маркетолагі гандлёвых сетак менавіта таго і дамагаюцца – каб людзі, прагныя да танных набыткаў, хаця б на хвілю ператварыліся ў жывёл, і гэтыя брудныя хвалі вынеслі гіпермаркет на галоўную старонку «Анлайнерчыка».

Але я думаю, што для добрых назіранняў, гісторый, якія выклікаюць у цябе гонар за сваіх суайчыннікаў, прынцып сацыялагічнай чысціні можна адкінуць.

Стаянне ў даўжэзнай чарзе пад Новы год было радыкальным тэстам на выхаванасць. І ў маіх вачах людзі, якія мяне атачалі, яго годна прайшлі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?