6 чэрвеня памёр кс. Ян Занеўскі, пробашч парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Квасоўцы (Гродзенскі раён).

Ён пражыў на гэтым свеце амаль 50 гадоў, з якіх амаль 25 правёў у Хрыстовым святарстве, піша catholic.by.

«Не хацелася спачатку верыць, калі даведаліся аб гэтай навіне. Было праўдай тое, што ў апошні час ён вельмі цярпеў, хвароба валіла яго з ног. Гэта святар, які заўсёды быў актыўны на полі душпастырства, заўсёды імкнуўся да справядлівасці. Заўсёды клапаціўся аб дзецях, моладзі, аб іх катэхізацыі ў Гродзенскай дыяцэзіі. Для яго было вельмі важна тое, каб Бог быў у сэрцах маладых людзей, каб яны ніколі не забывалі дарогі да касцёла, на катэхезу», — напісаў у некралогу святар Юрый Марціновіч.

Айцец Ян «стараўся кожнага выслухаць, каля кожнага затрымацца хаця б на хвіліну. Гэта было бачна падчас кожнай сустрэчы з гэтым годным святаром», зазначае Ю. Марціновіч,

«Шмат  сэрца а. Занеўскі укладваў у справу аднаўлення парафіяльнай святыні, як таксама і ў аднаўленне Касцёла, які ўтвараюць самі людзі. З моманту свайго прыбыцця ў Квасоўку займаўся рамонтамі. Найперш рамонт касцёла, потым прыкасцёльнай тэрыторыі, парафіяльных залаў, плябаніі – усё рабіў па парадку, бо моцна хацеў, каб усюды быў парадак. Пры кожным візіце ў Квасоўку паўтараў, што «ў нас заўсёды рамонты, бо трэба ж нешта рабіць!».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0