Псыхіятрычная экспэртыза ў дачыненьні да Аляксандра Крутога працягнецца яшчэ тыдзень. Калі справа дойдзе да суду, яму будзе пагражаць турэмнае зьняволеньне тэрмінам ад 2 гадоў.

Пра гэта паведаміла адвакатка Аляксандра Крутога Мар’яна Сямешка. Яна патлумачыла некаторыя акалічнасьці справы сп. Крутога. У вышуку праваабаронца знаходзіўся з прычыны немагчымасьці ўстанаўленьня ягонага месцазнаходжаньня. «Так вядзецца ў справе, але гэта не азначае, што А. Круты зьбег, ці хаваўся» — зазначыла адвакатка. Псыхіятрычная экспэртыза патрэбная, каб высьветліць, ці можа Аляксандар Круты адказваць за свае дзеяньні ў судзе, патлумачыла спн. Сямешка. Па яе словах, яе падабаронны знаходзіцца ў Навінках ужо тры тыдні і прабудзе там яшчэ тыдзень. «Я наведвала яго ў СІЗА і ў бальніцы. Аляксандар трымаецца добра, мае добры настрой — гэта зразумела, бо ўмовы ўтрыманьня ў турме і ў бальніцы не параўнаць» — паведаміла адвакатка. У выпадку, калі справа дойдзе да суду, Аляксандру будзе пагражаць турэмнае зьняволеньне тэрмінам ад 2 гадоў.

Нагадаем, што крымінальную справу паводле арт. 368 КК у дачыненьні праваабаронцы зь Нясьвіжу распачалі ў траўні 2003 г. Аляксандру Крутому закідалі публічную абразу кіраўніка дзяржавы — нібыта ён распаўсюджваў улёткі зьняважлівага зьместу. У сярэдзіне кастрычніка Аляксандра затрымалі ў Менску і адвезьлі ў Нясьвіж, дзе пратрымалі трое сутак. Затым яго зьмясьцілі ў Жодзінскім СІЗА.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?