Пятро Парашэнка загадаў Генеральнаму штабу Украіны спыніць агонь у зоне антытэрарыстычнай аперацыі на паўднёвым усходзе краіны з 18.00, паведамляе прэс-служба прэзідэнта Украіны. 

Загад быў аддадзены пасля таго, як з Мінска паступіла інфармацыя пра падпісанне пратакола аб спыненні агню на паўднёвым усходзе Украіны з 18.00 5 верасня. Дакумент падпісалі прадстаўнікі Украіны і самаабвешчаных Данецкай і Луганскай народных рэспублікі падчас пасяджэння кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне. 

«Найвышэйшай каштоўнасцю з'яўляецца чалавечае жыццё, і мы павінны зрабіць усё магчымае і немагчымае для таго, каб спыніць кровапраліцце і спыніць пакуты людзей», — гаворыцца ў заяве, апублікаванай на сайце прэзідэнта Украіны. 

«Зыходзячы з закліку прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна да кіраўнікоў незаконных узброеных фарміраванняў Данбаса спыніць агонь, падпісання пратакола на пасяджэнні трохбаковай кантактнай групы па імплементацыі мірнага плана прэзідэнта Украіны, я аддаю загад начальніку Генеральнага штаба Узброеных сіл Украіны спыніць агонь пачынаючы з 18.00 5 верасня», — заявіў Парашэнка. 

Аб падпісанні мірнага пратакола журналістам у Мінску паведаміла прадстаўніца АБСЕ Адэльхейд Тальявіні. Яе словы пацвердзілі «прэм'ер-міністры» ЛНР Ігар Платніцкі і ДНР Аляксандр Захарчанка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?