«Перамовы аб магчымым удзеле Беларусі ў здабычы газу ў Туркменістане пакуль не даюць жаданага выніку», — паведаміў журналістам 22 лістапала ў Ашгабадзе прэм’ер‑міністр Беларусі Сяргей Сідорскі, перадаюць афіцыйныя крыніцы. Паводле яго слоў, такія перамовы вядуць «Белтрансгаз» і іншыя беларускія кампаніі.

С.Сідорскі таксама паведаміў, што 21 лістапада на сустрэчы з прэзідэнтам Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедавым абмяркоўваліся пытанні супрацоўніцтва ў нафтагазавай сферы. Для Туркменістана, паводле слоў прэм’ер‑міністра, сёння з’яўляецца актуальным пытанне сэрвіснага абслугоўвання дзейных свідравін, і беларускія прадпрыемствы маюць вялікі вопыт работы ў гэтай галіне. У бліжэйшай перспектыве ў гэтай краіне плануецца адкрыць прадстаўніцтва адпаведнай беларускай кампаніі, што будзе займацца арганізацыяй праекта, сказаў С.Сідорскі.

Ён таксама паведаміў, што кампанія «Беларуснафта» прапанавала пабудаваць у Туркменістане завод па вытворчасці метанолу. «Праект па будаўніцтве завода, а таксама выхад на дзейныя свідравіны дасць магчымасць замацавацца на гэтым рынку», — сказаў прэм’ер‑міністр. Беларусь ужо прадставіла праекты і чакае рашэння з боку Туркменістана.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0