Прадстаўнік Беларусі на міжнародным конкурсе песні «Еўрабачанне-2014» спявак Тэа (Юрый Вашчук) з кампазіцыяй «Cheesecake» выступіць у другім паўфінале 8 мая пад дзясятым нумарам.

Аб гэтым БелТА паведамілі ў прэс-службе Белтэлерадыёкампаніі.

Сёння арганізатары конкурсу аб'явілі канчатковы парадак выступленняў выканаўцаў у паўфіналах. У гэтым годзе парадкавыя нумары ўдзельнікаў паўфіналаў «Еўрабачання», як і ў мінулым, вызначалі прадзюсары песеннага форуму. На думку арганізатараў, такі падыход дае магчымасць зрабіць шоу больш папулярным і эфектным з пункту гледжання рэжысуры.

Такім чынам, парадак выступлення артыстаў першага паўфіналу, які пройдзе 6 мая, такі:

1. Арменія; 2. Латвія; 3. Эстонія; 4. Швецыя; 5. Ісландыя; 6. Албанія; 7. Расія; 8. Азербайджан; 9. Украіна; 10. Бельгія; 11. Малдова; 12. Сан-Марына; 13. Партугалія; 14. Нідэрланды; 15. Чарнагорыя; 16. Венгрыя.

У другім паўфінале (8 мая) выканаўцы выйдуць на сцэну ў наступным парадку:

1. Мальта; 2. Ізраіль; 3. Нарвегія; 4. Грузія; 5. Польшча; 6. Аўстрыя; 7. Літва; 8. Фінляндыя; 9. Ірландыя; 10. Беларусь; 11. Македонія; 12. Швейцарыя; 13. Грэцыя; 14. Славенія; 15. Румынія.

Італія, Іспанія, Германія, Францыя, Вялікабрытанія на правах краін - арганізатараў конкурсу і пераможца мінулага года Данія трапляюць у фінал, які пройдзе 10 мая, аўтаматычна. Парадак выступлення фіналістаў, згодна з рашэннем арганізатараў, агучаць пасля правядзення двух паўфіналаў. Аднак ужо вядома, што канкурсант з Даніі выступіць у фінале пад нумарам 23.

Міжнародны конкурс песні «Еўрабачанне-2014» пройдзе ў Капенгагене (Данія) з 6 па 10 мая на сцэне B&W Hallerne на Refshaleoen пад лозунгам «Далучайцеся да нас» (Join Us). Усяго ў песенным форуме прымуць удзел 37 краін.

Прамую трансляцыю двух паўфіналаў і фіналу конкурсу традыцыйна будуць весці тэлеканалы «Беларусь 1» і «Беларусь 24».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0