Рэспубліканскі бюджэт у 2013 годзе недаатрымае больш як 17 трлн рублёў, мяркуе намеснік міністра фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч. Гэтая сума эквівалентная даходам бюджэту за два месяцы.

«Сукупнасць розных прычын прывядзе ў 2013 годзе да страты рэспубліканскага бюджэту (паводле папярэдніх ацэнак) на суму больш за 17 трлн рублёў, што эквівалентна двухмесячнаму ўзроўню даходаў», — гаворыцца ў артыкуле Ермаловіча ў лістападаўскім нумары часопіса «Финансы. Учет. Аудит», які выдае Міністэрства фінансаў.

Асноўныя недапаступленні, згодна з ацэнкамі Мінфіна, адбудуцца па: падатку на прыбытак (5,2 трлн рублёў); падатку на здабычу (выемку) прыродных рэсурсаў (1,2 трлн); ПДК (0,8 трлн); падатковых даходах ад знешнеэканамічнай дзейнасці (6,6 трлн); дывідэндах на долю дзяржавы (3 трлн); разавым плацяжы за права карыстання нетрамі (0,8 трлн).

«Нізкі ўзровень паступленняў звязаны з негатыўным уздзеяннем шэрагу фактараў. У прыватнасці, адставанне ад графіка выклікана запавольваннем тэмпаў росту ВУП. За студзень—жнівень ВУП павялічыўся толькі на 1,1%, хаця паводле вынікаў 2013 года эканоміка павінна была забяспечыць прыбаўку ў 8,5%. Адпаведна, памер падатковых выплат аказаўся меншы за першапачатковыя чаканні», — адзначае Ермаловіч.

Адставанне паступленняў бюджэту ад плана абумоўлена таксама ўмацаваннем курсу рубля на працягу года, канстатуе намеснік міністра фінансаў.

«Скараціліся паступленні і ў выніку захавання беларускім рублём залішне моцных пазіцый. Сярэднеўзважаны курс нацыянальнай валюты паводле вынікаў першых дзевяці месяцаў склаў 8.744 рублі за долар, што ніжэй за ўзровень, удакладнены пры фарміраванні бюджэту (8.950 рублёў)», — піша Ермаловіч.

Паводле звестак Міністэрства фінансаў, у студзені—верасні 2013 года даходы кансалідаванага бюджэту склаліся на ўзроўні 137 трлн рублёў (67,8% гадавога плана), рэспубліканскага — 77,2 трлн рублёў (63,2% ад гадавога плана). Пры гэтым, як адзначае Мінфін, у аналагічны перыяд 2012 года гэтыя паказчыкі (у працэнтных адносінах) «былі прыкметна лепшыя».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?