Як паведаміў 20 чэрвеня на сустрэчы з журналістамі начальнік УДАІ ГУУС Мінгарвыканкама Дзмітрый Карзюк, гэты тып транспарту з’яўляецца аварыйна небяспечным, але ім кіруюць галоўным чынам «маладыя людзі, якія не зусім разумеюць, што яны робяць і да чаго гэта можа прывесці». Паводле меркавання Карзюка, матацыклы — «гэта магутныя машыны, якімі могуць кіраваць не ўсе».

«Ёсць парадак рэгістрацыі транспарту. Верагодна, для матацыклаў яго трэба будзе змяніць, аж да таго, што пры выездзе з мытнага тэрмінала яны павінны быць ужо зарэгістраваныя. Але гэта пакуль толькі прапанова», — сказаў кіраўнік сталічнай ДАІ.

Гаворачы аб павелічэнні колькасці дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам матацыклістаў, Карзюк адзначыў, што сталічная ДАІ ўжо «прыняла пэўныя меры рэагавання» у сувязі з гэтым, але не стаў раскрываць, якія менавіта.

Паводле яго слоў, супрацоўнікі ДАІ паводзяць сябе з вадзіцелямі гэтак жа, як яны ставяцца да заканадаўства. «З законапаслухмянымі людзьмі мы абсалютна лаяльныя і ў межах закона выканаем усё, што неабходна. Тыя, хто парушае правілы дарожнага руху, будуць прыцягвацца да адказнасці», — падкрэсліў ён.

Нагадаем, апошнім часам на дарогах Беларусі пачасціліся дарожна-транспартныя здарэнні з удзелам матацыклістаў, а ў ноч на 16 чэрвеня ў Мінску 23-гадовы матацыкліст насмерць збіў пешахода на рэгуляваным пераходзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?