Былы прэм'ер-міністр Венгрыі Дзьюла Хорн, якога часта называюць разбуральнікам жалезнай заслоны, памёр у Будапешце ва ўзросце 80 гадоў пасля працяглай хваробы.

Дзьюла Хорн атрымаў еўрапейскае прызнанне пасля таго, як ён, міністр замежных спраў Венгрыі, разам з кіраўніком знешнепалітычнага ведамства Аўстрыі 27 чэрвеня 1989 сімвалічна перарэзаў калючы дрот, які дзяліў дзве краіны.

Нечаканым наступствам такога жэсту міністра краіны, якая ўваходзіла ў камуністычны блок, стала падзенне Берлінскай сцяны.

Дзякуючы адкрытаму такім чынам праходу ў Аўстрыю тысячы ўсходніх немцаў змаглі легальным шляхам перабрацца ў ФРГ, бо з верасня 1989 г. грамадзянам ГДР не патрабавалася венгерская віза, каб праз яе тэрыторыю трапіць у трэція краіны.

Толькі ў першыя тры дні пасля адкрыцця мяжы з Аўстрыяй яе перасеклі 15 тысяч усходніх немцаў.

Акрамя таго Дзьюла Хорн быў адным з тых, дзякуючы каму 10 сакавіка 1990 г. была падпісана дамова аб поўным вывадзе савецкіх войскаў з тэрыторыі Венгрыі.

Гэта было сведчаннем карэннай змены поглядаў чалавека, які атрымаў эканамічную адукацыю ў СССР, члена Венгерскай сацыялістычнай рабочай партыі, які ў 1956 годзе далучыўся да добраахвотніцкага фарміравання, якое разам з савецкімі войскамі ўдзельнічала ў падаўленні паўстання.

Пасля развалу камуністычнага блока Дзьюла Хорн ў 1994 годзе стаў прэм'ер-міністрам Венгрыі
пасля перамогі на выбарах яго партыі, што перарадзілася з камуністычнай ў сацыял-дэмакратычную. Ён працягнуў перавод венгерскай эканомікі на рынкавыя рэйкі, спрыяў уступленню сваёй краіны ў НАТО і Еўрапейскі саюз.

За ўклад у справу міру і адзінства еўрапейскага кантынента Дзьюла Хорн узнагароджаны міжнароднай прэміяй Карла Вялікага і Вялікім крыжам ФРГ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?