Унутраны валютны рынак застаецца збалансаваным, аднак яго стан у істотнай меры фарміруецца пад уздзеяннем плацежнага балансу і ў гэтым кірунку захоўваюцца шэраг магчымых рызыкаў.
Пра гэта заявіў на пашыраным пасяджэнні праўлення Нацыянальнага банка Беларусі намеснік старшыні праўлення Сяргей Калечыц, выступленне якога публікуе майскі нумар «Банковского вестника».

Да ліку магчымых рызыкаў намеснік старшыні Нацбанка аднёс зніжэнне эканамічнай актыўнасці ў Расіі, краінах ЕС і скарачэнне знешняга попыту, сезоннае пагаршэнне цягам года знешняга гандлю.

Рызыкі таксама звязаны, на думку рэгулятара, з магчымым запавольваннем прыцягнення банкамі замежных рэсурсаў і ўзнікненнем дэвальвацыйных чаканняў у насельніцтва ў другой палове года.
«З улікам адзначаных рызыкаў неабходна прыняцце шэрагу мер па павышэнні ўстойлівасці валютнага рынку», — заявіў Калечыц.

У аснове ўстойлівасці рынку і стабільнасці нацыянальнай валюты павінна ляжаць збалансаванасць знешняга гандлю, мяркуе ён. Прадстаўнік Нацбанка нагадаў, што прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2013 год прадугледжвае выхад на станоўчае сальда знешняга гандлю таварамі і паслугамі паводле вынікаў года на ўзроўні 0,7% да ВУП.

«Развіццё экспарту з’яўляецца прыярытэтнай задачай эканамічнай палітыкі, бо гэта аснова ўстойлівага эканамічнага росту», — падкрэсліў Калечыц.

Адначасова з гэтым, мяркуе намеснік старшыні Нацбанка, неабходна прымаць эканамічныя меры па стрымліванні імпарту, у тым ліку на аснове абмежавання залішняга ўнутранага попыту.

«Недапушчальным з’яўляецца праца на склад. Гэта не толькі вымывае абаротныя сродкі прадпрыемстваў, але і садзейнічае захаванню высокага прамежкавага імпарту без адпаведнага экспарту», — падкрэсліў намеснік старшыні праўлення Нацбанка.

Нагадаем, на 1 мая складскія запасы беларускіх прадпрыемстваў былі роўныя амаль 33,4 трлн. рублёў і павялічыліся ў параўнанні з пачаткам года больш як на 11 трлн. рублёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0