Левыя палітычныя сілы Беларусі плануюць сабраць да тысячы чалавек на мітынгу ў абарону правоў працоўных 1 мая ў Мінску.

Пра гэта на прэс-канферэнцыі 17 красавіка ў Мінску паведаміў намеснік старшыні Беларускай партыі левых «Спрадвялівы свет» Валерый Ухналёў.

Нагадаем, 12 красавіка «Справядлівы свет», Беларуская партыя «Зялёныя» (БПЗ), Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя «Грамада» і аргкамітэт па стварэнні Беларускай партыі працы (БПП) падалі ў Мінгарвыканкам заяўку на правядзенне канцэрта і мітынгу ў абарону правоў працоўных з 12.00 да 15.00 1 мая ў сталічным парку імя 50-годдзя Вялікага Кастрычніка.

Паводле слоў Ухналёва, у заяўцы вызначаны ўдзел пяцісот чалавек, аднак арганізатары разлічваюць, што іх рэальная колькасць дасягне тысячы.
«Мы разлічваем прыцягнуць каля тысячы чалавек. Мы рэалісты і разумеем, што больш сабраць наўрад ці ўдасца», — падкрэсліў ён.

Ухналёў зазначыў, што заяўкі на правядзенне аналагічных мітынгаў у парку Дружбы Народаў (плошча Бангалор) таксама падалі Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў і Прафсаюз радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП). Паводле слоў палітыка, заяўнікі дамовіліся правесці сумеснае мерапрыемства незалежна ад таго, чыя заяўка будзе задаволена.

«Правядзеннем сумеснага мітынга 1 мая мы б хацелі сагітаваць людзей на салідарнае адстойванне сваіх правоў, — сказаў намеснік старшыні «Справядлівага свету».
— Чакаць ад сённяшняй беларускай улады паслабленняў, дэмакратычных пераўтварэнняў на карысць працоўных не даводзіцца, таму толькі сумесная барацьба за свае правы можа даць нейкі станоўчы вынік».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?