Для эфектыўнай барацьбы з ушчыльненнем жылой забудовы, абароны зялёных насаджэнняў і экалагічнага становішча Мінска групы сталічных жыхароў вырашылі аб’яднацца. Пра гэта абвясцілі на прэс-канферэнцыі 4 красавіка лідары мясцовых ініцыятыў Мінска з мікрараёнаў Уручча-2, Усход-2, вуліц Цнянскай і Якуба Коласа, Гая і Веры Харужай, Пуліхава і Першамайскай.

У падпісаным мемарандуме аб супрацоўніцтве і ўзаемадапамозе гаворыцца: «Мы прадстаўляем мясцовыя ініцыятывы горада Мінска, якія займаюцца вырашэннем сацыяльных праблем шырокага спектра, а менавіта барацьбой з незаконным ушчыльненнем жылой забудовы, абаронай зялёных насаджэнняў і экалогіі горада, захаваннем і развіццём зон рэкрэацыі, стварэннем сучаснай зручнай для жыхароў горада інфраструктуры, садзейнічаннем стварэнню камфортнага бяспечнага асяроддзя пражывання і працы людзей і іншымі пытаннямі, якія маюць сацыяльнае значэнне».

Як адзначыў грамадскі актывіст Дзяніс Кобрусеў, мемарандум не абвяшчае стварэнне якой-небудзь арганізацыі, якая патрабуе дзяржаўнай рэгістрацыі, таму што зносіны грамадскіх ініцыятыў з органамі мясцовай улады «замацаваны канстытуцыйна». «Задача гэтага мемарандума ў аб’яднанні людзей для ўзаемадапамогі, абмену вопытам у зносінах з чыноўнікамі і павелічэнні ўплыву мясцовых жыхароў», — растлумачыў ён.

Пры неабходнасці, дадаў Кобрусеў, кааперацыя мясцовых ініцыятыў гатова распачаць працэдуру юрыдычнай рэгістрацыі грамадскай арганізацыі ў адпаведнасці з заканадаўствам. «Але сёння такое пытанне не стаіць», — сказаў ён.

Леанід Мажальскі, прадстаўнік групы мінчукоў, якія жывуць у мікрараёне Уручча-2, паведаміў пра першыя крокі, што рыхтуюць зрабіць жыхары.

Паводле яго слоў, актывісты прапануюць гарадскім уладам стварыць грамадска-кансультацыйны савет пры камітэце архітэктуры і горадабудаўніцтва Мінгарвыканкама з уключэннем у склад прадстаўнікоў мясцовых ініцыятыў.

Групы мінчукоў таксама маюць намер звярнуцца да Беларускага саюза архітэктараў з мэтай даведацца пра склад і прынцыпы працы гэтак званых «трацейскіх суддзяў» — членаў саюза, чыя экспертная ацэнка ўплывае на рашэнне аб будаўніцтве тых ці іншых, часта спрэчных, аб’ектаў у сталіцы. Такі экспертны орган, паводле меркавання аб’яднання гарадскіх жыхароў, не павінен быць не толькі ананімным, але і ўхваленым як самімі ўладамі, так і мінчукамі.

Плануецца прыцягнуць увагу дэпутатаў Мінгарсавета і палаты прадстаўнікоў нацыянальнага сходу да праблемы ўшчыльнення жылой забудовы і заклікаць іх да актыўнага ўдзелу «ў абароне правоў і законных інтарэсаў выбаршчыкаў сваіх акруг».

Акрамя таго, актывісты маюць намер звярнуцца ў Адміністрацыю прэзідэнта, бо, як заявіў Мажальскі, палітыка гарадскіх улад на «татальнае ўшчыльненне» супярэчыць заявам кіраўніка дзяржавы аб тым, што ўшчыльненне Мінска павінна быць выключна кропкавым.

Пра ўсе свае захады аб’яднанне мясцовых ініцыятыў Мінска будзе інфармаваць грамадскасць праз СМІ.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?