Палескі дзяржаўны ўніверсітэт перадаецца з падпарадкавання Нацыянальнага банка ў падпарадкаванне Міністэрства адукацыі. Адпаведны ўказ № 141 «Аб некаторых пытаннях установы адукацыі «Палескі дзяржаўны ўніверсітэт» 2 красавіка падпісаў Аляксандр Лукашэнка.

«Асноўныя напрамкі дзейнасці ўніверсітэта захаваны. ВНУ будзе ажыццяўляць падрыхтоўку спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй і навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі, а таксама навуковую, навукова-тэхнічную і інавацыйную дзейнасць у мэтах развіцця банкаўскай сістэмы, біятэхналагічнай галіны, малога і сярэдняга інавацыйнага прадпрымальніцтва ў рэгіёне Прыпяцкага Палесся, унутранага і ўязнога турызму ў гэтым рэгіёне, фізічнай культуры і спорту, інфармацыйных тэхналогій», — растлумачылі ў прэс-службе.

Прыняцце ўказа будзе садзейнічаць удасканаленню сістэмы падрыхтоўкі спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй і навуковых работнікаў, а таксама забяспечыць далейшае развіццё Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта як унікальнага навукова-інавацыйнага і вучэбна-вытворчага комплексу ў сістэме Мінадукацыі.

Нацбанк прадоўжыць фінансаванне ўніверсітэта ў частцы, якая датычыцца падрыхтоўкі спецыялістаў для банкаўскай сістэмы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?