Прынцыповая згода аб продажы расійскаму боку кантрольнага пакета акцый ААТ «Мінскі завод колавых цягачоў» (МЗКЦ) была дасягнутая ў сакавіку на сустрэчы віцэ-прэм’ера ўрада Расіі Аркадзя Дварковіча і першага намесніка прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Сямашкі.

— Такое пагадненне дасягнутае, і аб ім ужо праінфармаваны расійскі кіраўнік урада Дзмітрый Мядзведзеў і кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка, — расказала крыніца ва ўрадзе. Паводле яе словаў, адзіным спрэчным момантам пакуль застаецца кандыдатура пакупніка. Беларусь не хоча прадаваць мінскае прадпрыемства КамАЗу або «Уралвагонзаводу», вытворцам аналагічнай прадукцыі. Але менавіта такі варыянт прапануе расійскі бок.

Як заявіла крыніца, блізкая да перамоваў, у якасці пакупнікоў беларусы хацелі б бачыць «Канцэрн СПА «Алмаз-Антэй», «НВА «Сплаў», «НВК «Канструктарскае бюро машынабудавання» і ААТ «Карпарацыя «Маскоўскі інстытут цеплатэхнікі». Такі варыянт рэспубліканскія ўлады матывуюць тым, што МЗКЦ даўно супрацоўнічае з названымі арганізацыямі, пастаўляючы ім сваю прадукцыю, і мяркуецца, што новы ўласнік будзе ўдзельнічаць у развіцці і мадэрнізацыі мінскага завода. Адпаведна, у беларускага боку ёсць асцярогі, што КАМАЗ і «Уралвагонзавод» як канкурэнты не стануць надаваць пажаданай увагі развіццю прадпрыемства.

Прадукцыя МЗКЦ шырока выкарыстоўваецца ў расійскай ваеннай прамысловасці.
Так, беларускі завод пастаўляе для расійскай абаронкі шасі для аператыўна-тактычных ракетных комплексаў (АТРК) «Іскандэр», рэактыўныя сістэмы залпавага агню (РСЗА) «Ураган», «Смерч», «Град», «Тарнада» ўсіх мадыфікацый, колавыя (экспартныя) варыянты зенітна-ракетных комплексаў супрацьпаветранай абароны «Тор» і «Бук», зенітных ракетных сістэм СПА С-300 і С-400. Усе мабільныя ракетныя комплексы ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння РФ працуюць на шасі МЗКЦ.

Але ўвосень Міністэрства абароны РФ планавала вырашыць пытанне па пераводзе сістэм узбраенняў расійскай арміі на шасі айчыннай вытворчасці. Папярэдне быў абраны Бранскі аўтамабільны завод (БАЗ), куды планавалася перакінуць з МЗКЦ большую частку заказаў на спецыяльныя колавыя шасі, перш за ўсё для такіх сістэм, як АТРК «Іскандэр» і РСЗА.

Акрамя таго МАЗаўскія машыны меркавалася замяніць тэхнікай, што выпускаецца БАЗам і КАМАЗам.

Аднак, паводле ацэнак высокапастаўленай крыніцы «Ізвестій» у Мінабароны, замяніць мінскія цягачы адразу не атрымаецца: прадукцыя бранскага завода адносіцца да больш лёгкай вагавай катэгорыі — да 40 т, а прадукцыя КАМАЗа яшчэ знаходзіцца на стадыі эксперыментальных узораў. Дастаткова шмат прэтэнзій і да грузавікоў КАМАЗа, што пастаўляюцца ў войскі: масавая вытворчасць пакуль не належнай якасці, кажа суразмоўца газеты.

Як адзначае віцэ-прэзідэнт Цэнтра стратэгічных камунікацый Дзмітрый Абзалаў, ініцыятыва беларускага боку не зусім эфектыўная. Саюз з такімі прадпрыемствамі, як холдынг «Алмаз-Антэй», не прыцягне новых заказчыкаў, і канкурэнтаздольнасць сумеснай прадукцыі ўпадзе. Застанецца топ-мэнэджмэнт МАЗа ў цяперашнім фармаце, але Мінскі аўтамабільны завод пры гэтым можа спыніць працу. Цяпер перадумовы да гэтага ўжо ёсць, бо ў дзяржавы няма грошай укладвацца ў яго мадэрнізацыю, а патрэбны прарыў, адзначае эксперт.

Пры гэтым Дзмітрый Абзалаў нагадвае, што КАМАЗ — самы эфектыўны аўтазавод у Расіі на сённяшні дзень: ён мае стабільны рынак збыту і атрымлівае прыбытак без удзелу дзяржінвестыцый.

Крыніца ва ўрадзе адзначыла, што хутчэй за ўсё расійскім чыноўнікам удасца ўгаварыць беларускіх калегаў прыняць прапанову КАМАЗа.

— Тым больш што ў сакавіку стварэнне расійска-беларускага холдынгу было анансаванае на самым высокім узроўні. Пра яго заявіў прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін у Санкт-Пецярбургу пасля перамоваў з прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам, — падкрэсліў ён.

Тады ж міністр прамысловасці і гандлю Расіі Дзяніс Мантураў заяўляў, што ўжо да сярэдзіны красавіка бакі павінныя вызначыць схему кіравання холдынгам.

— Гэта будзе асобная кіроўная кампанія, якая павінная ўзяць на сябе функцыі кіравання двума вытворчымі аб’яднаннямі КАМАЗа і МАЗа, — сказаў міністр.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?