КНДР ўстанавіла забарона на ўезд працоўных з Паўднёвай Карэі ў супольную карэйскую індустрыяльную зону Кэсон, паведамляе Ройтэрз.

«Паўднёвая Карэя глыбока шкадуе ў сувязі з забаронай і патрабуе, каб яна была неадкладна адменена», — заявіў прадстаўнік паўднёвакарэйскага міністэрства па справах аб’яднання Кім Хен Сок.

КНДР дазволіла пакінуць зону Кэсон тым паўднёвакарэйцам, якія там знаходзілася. У Сеуле непакоіліся, што працоўных могуць пакінуць у закладніках.

Улады Паўночнай Карэі ў мінулую суботу заявілі, што адносіны двух карэйскіх дзяржаў перайшлі ў стан «ваеннага часу», і Пхеньян будзе дзейнічаць па законах «ваеннага часу» ў выпадку «варожых правакацый», якія могуць перарасці ў поўнамаштабную ці нават ядзерную вайну.

Зона Кэсон знаходзіцца за 12 кіламетраў на поўнач ад ваенна-дэмаркацыйнай лініі паміж поўднем і поўначчу Карэі. У ёй дзейнічаюць больш за 100 сярэдніх і малых прадпрыемстваў. На іх працуюць каля 1500 паўднёвакарэйцаў і каля 50 тысяч рабочых з Паўночнай Карэі. Паўночнакарэйцы зарабляюць у сярэднім каля 130 даляраў за месяц. Гэта разоў у 10—15 больш, чым сярэдні заробак у КНДР.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0