Хоць, як падлічыў «Ежедневник», па чыстым прыбытку «Беларуськалій» уваходзіць у першую дзясятку кампаній рэгіёна.

Аўтары CEE Top 500 сістэматызавалі паказчыкі за 2011 год. Паводле дадзеных Міністэрства фінансаў Беларусі, у гэтым жа перыядзе чысты прыбытак «Беларуськалія» склаў у пераліку (курс на 1 студзеня 2012 года — 10 800 рублёў за 1 еўра) 676 544 тыс. еўра.

І ў выніку беларускае прадпрыемства заняло ў 2011 годзе 10-е месца ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе,
саступіўшы дзвюм польскім, дзвюм венгерскім, чэшскай, латвійскай, украінскай, румынскай і славацкай кампаніям. У даследаванні Coface, праўда, не ўлічаныя таксама дадзеныя па Чарнагорыі, Малдове, Босніі і Герцагавіне. Але аб’ектыўна прадстаўнікі гэтых краін не могуць скласці канкурэнцыю першай дваццатцы найбуйнейшых кампаній Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

На досыць высокай пазіцыі па выніках 2011 аказваецца яшчэ адна беларуская публічная кампанія — «БелАЗ». Чысты прыбытак вытворцы вялікагрузнай аўтатэхнікі ў разгляданым перыядзе склаў 192 899 тыс. еўра. У выніку жодзінцы ўвайшлі ў топ-50 самых прыбытковых прадпрыемстваў рэгіёна, заняўшы 43 радок.

Дзе знаходзяцца беларускія кампаніі ў нацыянальных карпаратыўных рэйтынгах суседніх краін, нядаўна таксама высветлілі дзелавы часопіс «Бізнес-рэвю» ў супрацоўніцтве з «Ежедневником».

Украіна

Самая высокая пазіцыя ў беларускіх кампаній у карпаратыўных рэйтынгах суседніх краін — ва Украіне. У топ-200 найбуйнейшых кампаній Украіны, апублікаваны ўкраінскай рэдакцыяй часопіса Forbes у кастрычніку 2012 года, што адлюстроўвае дадзеныя за 2011 год, ТАА «БНК-Украіна» заняла 36 радок. Заснавальнікі «БНК-Украіна» — дзве дзяржаўныя кампаніі: ЗАТ «Беларуская нафтавая кампанія» і РУП «ВА «Беларуснафта».

«БНК-Украіна», эксклюзіўны экспарцёр беларускіх нафтапрадуктаў на ўкраінскі рынак, стала адной з самых хуткарослых карпарацый Украіны, па тэмпе росту заняўшы 11 пазіцыю. Выручка кампаніі склала каля 880 млн даляраў.

На гэты год планаваўся выхад кампаніі на дробнааптовы і рознічны рынак, «БНК-Украіна» збіралася адкрыць каля 10 уласных заправак. Аднак гэтыя планы цяпер пад пагрозай праз магчымае ўвядзенне антысубсідыярных санкцый, ініцыяваных у дачыненні да беларускага бізнэсу ўрадам Украіны і мясцовымі нафтаперапрацоўчымі заводамі.

Латвія

Партал Delfi ў канцы мінулага года прадставіў сваю версію самых буйных кампаній Латвіі — топ-501, складзены на дадзеных па выручцы за 2011 год.

67-е месца і высокую пазіцыю сярод самых хуткарослых кампаній латвійскай эканомікі заняў даўгаўпілскі вытворца біяпаліва Mamas D. Яго выручка склала каля 90 млн даляраў у эквіваленце.

Да мінулага года ўладальнікам 80% долі ў Mamas D была кампанія Neonafta, якую кантраляваў беларускі бізнэсовец Юрый Чыж. У 2012 годзе стала вядома, што Neonafta прадала сваю долю. Новым уладальнікам 80% долі ў кампаніі стаў таксама беларус — Дзмітрый Алексін.

У латвійскім топ-501 апынуліся яшчэ дзве беларускія кампаніі. 302-е месца па выручцы заняла Oil Logistic&Trading (выручка — каля 30 млн даляраў), 405-е — Oil Logistic (каля 20 млн даляраў). Заснавальнік абедзвюх кампаній — дзяржаўны канцэрн «Белнафтахім» разам з прадпрыемствамі, што ў яго ўваходзяць, а займаюцца яны транзітам на сусветны рынак прадукцыі беларускай нафтаперапрацоўкі і хіміі.

Літва

Літоўскае дзелавое выданне Verslo zinios у пачатку 2013 года апублікавала топ-500 найбуйнейшых кампаній. У рэйтынгу, які адлюстроўвае сітуацыю за дзевяць месяцаў 2012 года, адзіны буйны прадстаўнік беларускага бізнэсу, ЗАТ «Гандлёвы дом «БМЗ-Балтыя», заняў 74-е месца (у мінулым годзе ён быў на 86-й пазіцыі). Выручка кампаніі, створанай у 2008 годзе для паставак металапрадукцыі жлобінскага завода на балтыйскі і польскі рынкі, склала ў даляравым эквіваленце каля 90 млн даляраў. За дзевяць месяцаў 2011 года яна была роўная 70 млн даляраў.

Расія

У расійскім рэйтынгу «Эксперт 400» за 2012 год прадстаўленая адна кампанія, якая мае штаб-кватэру ў Мінску. Гэта аўтамабільны холдынг «Атлант-М». Яго ўладальнікі — беларусы Алег Хусаенаў і Сяргей Савіцкі і расіец Ігар Мальгін.

Па выніках 2011 года, якія леглі ў аснову рэйтынгу, «Атлант-М» заняў 165-е месца, выручка кампаніі склала 1,35 млрд даляраў.

У топ-200 найбуйнейшых непублічных кампаній Расіі, складзены расійскай рэдакцыяй Forbes, «Атлант-М» заняў 65-е месца.

Польшча

Топ-1000 найбуйнейшых польскіх кампаній у сярэдзіне лета мінулага года публікавала Gazeta Finansowa.

213-е месца ў ім заняла кампанія ASBISc Enterprises PLC, найбуйнейшы акцыянер якой — Сяргей Касцевіч. Выручка кампаніі ў 2012 годзе склала каля 470 млн даляраў.

ASBIS Group рэалізуе на польскім рынку IT-прадукты. Таксама акцыі кампаніі ўведзеныя ў лістынг Варшаўскай фондавай біржы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?