Следчы камітэт расследуе крымінальную справу ў дачыненні да трох маладых жыхарак Светлагорска, якія жорстка адпомсцілі сваёй знаёмай: адвезлі яе ў лес, збілі, разулі і пакінулі на марозе.

Інцыдэнт здарыўся 14 лютага. Прыкладна за месяц да гэтага паміж дзвюма жыхаркамі Светлагорска адбылася сварка. 21-гадовая дзяўчына затаіла крыўду на сваю 19-гадовую знаёмую і вырашыла ёй адпомсціць. Пад’ехаўшы да яе 14 лютага прыблізна ў 23.00 на асабістым аўтамабілі, яна прапанавала 19-гадовай дзяўчыне пракаціцца ў кафэ і пагутарыць «па душах». Дзяўчына згадзілася, аднак у машыне яе чакалі сяброўкі «мсцівіцы».

Яны вывезлі пацярпелую ў лес за горад, збілі, знялі абутак, зламалі абцасы, адабралі мабільны тэлефон і пакінулі ахвяру ў начным лесе.
Пацярпелая здолела дабрацца да найбліжэйшай вёскі, дзе папрасіла дапамогі.

Супрацоўнікі Светлагорскага РАУС знайшлі падазраваных у тую ж ноч — яны адзначалі Дзень закаханых у адным з мясцовых бараў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?