Расія з 11 лютага ўвяла практычны поўную забарону на ўвоз мяса і мясной прадукцыі з ЗША. Як паведаміў Рассельгаснагляд, з панядзелка пачынае дзейнічаць абмежаванне на ўвоз у Расію замарожаных свініны, ялавічыны, мяса індычкі, субпрадуктаў і гатовых прадуктаў з мяса.

Забарона абгрунтоўваецца наяўнасцю ў мясе рактапаміну — жывёлагадоўчага стымулятара.

Забарона можа прывесці да найбуйнейшага гандлёвага канфлікту.

ЗША заклікалі Расію неадкладна зняць забарону на імпарт амерыканскай мясной прадукцыі і выконваць абавязацельствы, прынятыя ў мінулым годзе, калі Расія далучылася да СГА, паведамляе Reuters.

«ЗША вельмі расчараваныя тым, што Расія прыняла меры па прыпыненні імпарту амерыканскага мяса, якое вырабляецца згодна з найвышэйшымі ў свеце стандартамі бяспекі», — заявіў міністр сельскай гаспадаркі ЗША Том Вілсак.

ЗША лічаць, што Расея ігнаруе заключэнні экспертаў пра бяспеку амерыканскага мяса, — з такой заявай выступілі Вілсак і гандлёвы прадстаўнік ЗША Рон Кірк.

«Расія праігнаравала дбайныя навуковыя даследаванні, праведзеныя міжнароднай арганізацыяй, якая кантралюе харчовыя стандарты — Codex Alimentarius Commission, — якія паказалі, што камбікорм, якія змяшчае рактапамін, бяспечны для жывёлы і людзей, якія спажываюць іх мяса. Адмова Расеі прыняць высновы гэтай арганізацыі падымае пытанні аб яе (Расеі) прыхільнасці быць членам глабальнай гандлёвай сістэмы», — гаворыцца ў іх супольнай заяве.

Забарона не распаўсюджваецца толькі на курынае мяса.

Падстава санітарная, але выглядае, што амерыканская прадукцыя настолькі ж небяспечная, як беларускае малако і грузінскі баржомі. У свой час Расія забараняла пастаўкі прадуктаў з Беларусі, Малдовы, Украіны і Грузіі, як толькі адносіны з гэтымі краінамі горшалі. Але адказ ЗША на такія дэ-факта санкцыі можа быць нашмат больш рашучы, чым дзеянні невялікіх краін-суседак.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?