Такой карцінкай А. Зімоўскі праілюстраваў свой допіс на naviny.by

Такой карцінкай А. Зімоўскі праілюстраваў свой допіс на naviny.by

Пра ўзаемную «сімпатыю» старшыні Нацыянальнай тэлерадыёкампаніі Аляксандра Зімоўскага і першага намесніка кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі Наталлі Пяткевіч вядома даўно. Але да часу свае пачуцці адно да аднаго яны не афішавалі. Аднак у першы дзень вясны Зімоўскі паднёс Пяткевіч «падаруначак».

Інтэрнэт-газета «Беларускія навіны» апублікавала артыкул шэфа НДТРК «Улада такая апазіцыя». І хоць імя Наталлі Пяткевіч там не згадваецца, частка гэтага твора можа быць расцэненая як «наезд» на першага намесніка прэзідэнцкай адміністрацыі.

У прыватнасці, Зімоўскі адзначыў, што «кампанія па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі разгортваецца, à propos, пры поўнай адсутнасці афіцыйнай ідэалогіі». Гэта ўжо важкі камень у агарод Пяткевіч, якая, як вядома, кіруе менавіта пытаннямі ідэалогіі.

Але шэф НДТРК на гэтым не спыняецца і працягвае гарэзіць:

«Нядаўна ўзорны беларускі ідэолаг быў тоўсты, тупаваты і прастадушны.

Перад тварам пастаўленых задач ён часам-такі захоўваў здаровы розум і цвёрдую памяць альбо разам страчваў і тое, і другое.

Не тое цяпер. Цяпер усё танчэйшае, мудрэйшае і хітрэйшае. Атрымаеш ў працу цыркуляр – і проста смешна: відаць, што памяць у аўтараў цвёрдая, а здаровага розуму як не было. Атрымаеш наўздагон наступны – і здзіўляешся: адкуль узялося ў іх столькі здаровага розуму? І куды падзелася ўся цвёрдая памяць? Не ідэалогія, а сляза камсамолкі».

Намёк на «слязу камсамолкі» больш чым празрысты. А для тых, хто ўсё яшчэ сумняецца ў тым, што Зімоўскі піша менавіта пра Пяткевіч,

нагадаю: менавіта яна на нядаўнім семінары ідэалагічных работнікаў Мінскай вобласці заявіла, што трэба дзейнічаць «танчэй, мудрэй, хітрэй».

Заадно старшыня НДТРК прайшоўся па электараце: «Беларускі народ-баганосец мае асаблівы дар: колькі яго ад прорвы ні адводзь – ён усё адно да яе прэ». Затое не забыўся пахваліць Аляксандра Лукашэнку, назваўшы яго «геніем», і выказаць упэўненасць у яго пераабранні.

Да апошняга часу Зімоўскі эпатаваў Пяткевіч у асноўным з дапамогай недвухсэнсоўных рэзалюцыяў, якія накладаў на цыркуляры, якія паступалі ад першага намесніка кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі. У далейшым дакументы з пазнакамі старшыні НДТРК клаліся ў тым ліку на стол яго намесніка Аляксандра Мартыненкі, які адначасова з'яўляецца мужам Наталлі Пяткевіч.

Каб дазваляць сабе такія пікантныя вольнасці ў абыходжанні з «жалезнай лэдзі з Карла Маркса, 38», т

рэба мець у гэтым жа будынку падтрымку на самым верхнім паверсе.

Мяркуючы па ўсім, Зімоўскі адчувае сябе дастаткова ўпэўнена, калі пераводзіць супрацьстаянне з закрытай фазы ў публічную сферу, што ў пэўнай ступені можна прыраўняць да «аб'явы вайны». Тым самым кіраўнік НДТРК паступова расхіствае пазіцыі першага намесніка кіраўніка прэзідэнцкай адміністрацыі і не выключана, што рыхтуе глебу для яе адстаўкі ў будучыні. Чым адкажа Пяткевіч?

Вадзім Ліўнеў, Салідарнасць

* * *

Зімоўскі пра сітуацыю ў краіне і адарванасць Пяткевіч ад жыцця

«Беларускі народ-баганосец мае асаблівы дар: колькі яго ад прорвы ні адводзь – ён усё адно да яе прэ». Вось і цяпер у масах спее незадаволенасць і падымаюцца глухія нараканні.

У суботу цана бензіну ў Беларусі перасягнула псіхалагічную мяжу $1/літр (у ЗША – 70,1 цэнта/літр). Пытанне: дзеля чаго мы перапрацоўваем 25 мільёнаў тонаў нафты за год?

Пілюлю цудоўна падсаладзілі, павялічыўшы цэны на цукар-пясок. За што ж мулаты і крэолы, жыхары аграгарадкоў, гнулі спіны на плантацыях, ссыпаючы ў засекі Радзімы 3,725 млн тонаў Beta vulgaris (на 6,4% больш за план)?
І чаму Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь абвясціў, што ў рэальным выражэнні сярэдні заробак працаўнікоў у студзені зменшыўся на 9,2% у параўнанні са снежнем мінулага году?
І вось рабочы і калгасніца, што цэлы дзень пераганялі нафту і/або палолі салодкі караняплод, выходзяць на праменад. Настрой у іх паганы, на прымусовую падпіску з іх утрымалі, яны духоўна галодныя. Ідуць яны, скажам, культурна адпачыць на «Мінск-Арэну». А там замест твару Беларусі за дзесяць тысяч рублёў ім прапаноўваюць ВІА Rammstein па сто рэйхсмарак, ды яшчэ на галёрцы.

І бяруць бедакі з радасці такой двухлітровы балон піўца імя гр. Чапскага, ім горача – вясна ідзе! І цана ж гэтаму піву тры капейкі. Яго і піць – у тры глыткі з раскруткай. А грамадскасць ужо свішча, як салаўі вясной у лесе, непакоіць міліцыю. І ўпайваюць бедаку штраф у сто даляраў. Што не дадае гармоніі ў сем'ях падданых моцнай і квітнеючай Беларусі.

Такі сацыяльна-эканамічны фон неафіцыйнай кампаніі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі. Прычым кампанія тая разгортваецца «à propos, пры поўнай адсутнасці афіцыйнай ідэалогіі».
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0