З пагаршэннем беларуска-расійскіх адносін пачалі пладзіцца сайты, са старонак якіх ліецца крытыка на адрас афіцыйнага Мінску і робіцца абгрунтаванне спрадвечнай прыналежнасці Беларусі да «русского мира». Піша Сямён Печанко.

«Мужественные, смелые, беззаветно преданные своей Родине казаки были социальным слоем белорусского народа, верно служили ему, защищая нашу русскую сущность и православную культуру от католического влияния». Гэта радкі з артыкула «О белорусском казачестве» на сайце Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белорусское казачество». Падобныя перлы можна пачуць не толькі ад гэтак званых беларускіх казакоў. У Сеціве пачалі пладзіцца сайты, з чыіх артыкулаў можна даведацца «ўсю праўду» пра мінулае і сённяшняе Беларусі. Некаторыя з іх, напрыклад, вышэйпамянёны «Белорусский казак», выказваюць поўную лаяльнасць да ўлады і асабіста кіраўніка краіны. Але большасць гэтых рэсурсаў яднае рэзкае крытычнае стаўленне да афіцыйнага Мінска.

Інфармацыйна-аналітычны партал «Империя», нядаўна створанае інфармацыйнае агенцтва Regnum-Беларусь (адгалінаванне расійскага федэральнага інфармацыйнага агенцтва Regnum) у артыкулах, прысвечаных адносінам паміж Беларуссю і Расіяй, усё менш саромеюцца ў выразах, кажучы пра беларускія ўлады.

Апошнім усё часцей надаецца роля хітрага прыстасаванца, што не супраць і далей смактаць расійскую нафта-газавую цыцку, але пры гэтым і з Еўропай пачынае пераміргвацца.

«З аднаго боку, у кіраўніцтва РБ ёсць вялізнае жаданне атрымліваць ад Расіі прэферэнцыі ў ранейшым аб’ёме, выкарыстоўваючы статус найбліжэйшага стратэгічага саюзніка. І расійскія пошліны на нафту і нафтапрадукты — толькі асобнае пытанне ў дадзеным выпадку. (…) З іншага боку, мы бачым наколькі, мякка кажучы, няспешна адбываецца выкананне Беларуссю свайго саюзніцкага абавязку ў прызнанні суверэнітэта і дапамозе Паўднёвай Асеціі і Абхазіі, колькі часу і сілаў аддадзена афіцыйным Мінскам „Усходняму партнёрству“, як складаецца супрацоўніцтва з расійскімі інвестарамі, навуковая кааперацыя і г.д.», — піша Regnum-Беларусь. Далучэнне Беларусі да «Усходняга партнёрства» відавочна з’яўляецца адной з самых балючых тэмаў для расійскіх аналітыкаў з «Империй» ды «Регнумов».
Тут ужо і да непрыхаваных пагроз даходзіць: «Калі так будзе працягвацца і далей, то скора Расія прыдзе да таго, што яе перастане хваляваць, хто менавіта ў дадзены момант сядзіць на беларускім стальцы. (…) Масква не будзе падтрымліваць у Беларусіі ніякія альтэрнатыўныя Лукашэнку сілы. Аднак, калі галоўным фактарам робіцца своечасовасць выплат, дык ці не ўсё адно, хто іх ажыццяўляе?»

Адначасова з крытыкай афіцыйнага Мінска, са старонак гэтых рэсурсаў даводзяцца тэзы пра несамастойнасць Беларусі як краіны, пра штучнасць яе мовы, адсталасць культуры. Усё часцей чуюцца абураныя галасы пра «гаротны стан» усяго расейскага ў Беларусі.

«Расейская культура ў Беларусіі знаходзіцца ў… абсалютна ненатуральным становішчы. З аднаго боку, у Беларусіі дэ-факта склалася расейская дзяржава — у асноўным расейскамоўнае насельніцтва, трывалыя пазіцыі расейскіх і мясцовых расейскіх СМІ, папулярнасць расейскага кінематографа, літаратуры, музыкі. З іншага боку складаецца такое ўражанне, быццам слова „расеец“ ў Беларусіі знаходзіцца пад забаронай»,
 — піша Аляксандр Залатніцкі ў артыкуле «Русская культура в Белоруссии».

Паказальны выпадак — скандал вакол віцебскага чыноўніка Андрэя Герашчанкі, старшыні грамадскага аб’яднання «Русский дом». Публікацыі ў беларускай прэсе і наступная прапанова чыноўніку звольніцца выклікалі сапраўдны гармідар на расійскіх сайтах. Герашчанку абвясцілі ахвярай палітычных рэпрэсій, а сам скандал, не больш і не менш, спробай разбурыць так званую саюзную дзяржаву. І як выснова — Расіі трэба паболей надаваць увагі «сопредельным территориям».

Характэрна, што антылукашэнкаўская рыторыка ў спалучэнні з замшэлымі тэорыямі «паходжання» Беларусі ўзмацнілася адносна нядаўна. Відавочна, што каталізатарам стаў канчатковы пераход да прагматычных адносін. Магчыма, праз свае інтэрнэт-рупары Масква дае зразумець, што не лічыць больш бяззменнага беларускага лідэра такім ужо незаменным, але і «нацыяналіста» на ягоным месцы не пацерпіць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?