Нядаўні начальнік Упраўлення ўнутраных справаў Гродзенскай вобласці генерал Генадзь Хацько абвешчаны ў вышук. На тым тыдні ён выйшаў з дому і больш не паказваўся.

Заяву ў міліцыю аб знікненні нядаўняга кіраўніка міліцыі па Гродзенскай вобласці занеслі ўстурбаваныя сваякі. Пікантнасці гэтай гісторыі дадае той факт, што незадоўга да знікнення на генерал‑маёра міліцыі была заведзеная крымінальная справа. Яго абвінавачвалі ў парушэнні артыкула 424 частка 3 («Злоўжыванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі»).

А гэта прадугледжвае да шасці гадоў зняволення з канфіскацыяй маёмасці.

Справу заводзіла Генеральная пракуратура, але потым расследаванне было перададзенае ў Гродзенскую абласную пракуратуру. Там сцвярджаюць, што на допыты генерал з’яўляўся спраўна. Нават падазрэння не ўзнікала, што ён прападзе: які быў сэнс змяшчаць яго пад арышт?

Справа Генадзя Хацько закруцілася летам 2009 года.

Тады Рада бяспекі сумесна з Камітэтам дзяржкантролю і КДБ зацікавілася катэджам генерала ў Лідскім раёне.

Яшчэ гарачай заставалася тэма з «домікамі ў вёсцы» сярод кіраўніцтва Міністэрства ўнутраных справаў (папаліся намеснікі міністра Навумава Аляксандр Шчурко і Віктар Філістовіч і іншыя высокія чыноўнікі). Як вынік, такія домікі пачалі вышукваць і ў рэгіёнах.

Паводле адной з версій, Генадзь Хацько

сваё лецішча ацаніў і задэклараваў усяго на 5 тысяч даляраў.

Вядома, за такія грошы нічога талковага пабудаваць ці купіць немагчыма. Дзяржкантроль выставіў генералу ў 40 разоў больш (200 тысяч «баксаў») і патрабаваў вярнуць іх дзяржаве.

Пра пабудову катэджа Хацько ў Гродне хадзілі легенды. Казалі, што ў будаўніцтве было задзейнічанае ці не ўсё абласное ўпраўленне міліцыі. А потым справа трапіла на асабісты кантроль у Мінск.

Генадзь Хацько ад пачатку расследавання адразу быў адхілены ад пасады начальніка Упраўлення ўнутраных спраў Гродзенскай вобласці. Афіцыйна паведамлялася, што ён знаходзіцца ў адпачынку ці мае праблемы са здароўем. Але ніхто дакладна не мог даць прагноз, чым жа скончыцца гэтая справа.

Яшчэ ў верасні Хацько вярнуўся на пасаду і быў пэўны, што яго прыгоды скончыліся і можна спакойна працягваць працу.

Аднак нешта не склалася.

4 лістапада Лукашэнка ўжо афіцыйна адхіліў Хацько з пасады кіраўніка Гродзенскай абласной міліцыі. Прычым, звольнены ён быў «у сувязі са здзяйсненнем учынкаў, якія дыскрэдытуюць званне супрацоўніка органаў унутраных справаў» (падпункт 15 пункта 154 Палажэння аб праходжанні службы ў органах УС РБ).

Пра гэта, дарэчы, змаўчалі абсалютна ўсе дзяржаўныя СМІ. Толькі праз нейкі час інфармацыя з’явілася ў выданні «Вечерний Гродно».

Генадзь Хацько нар. у 1957 у в.Каўпакі Гродзенскага раёна. У сістэме МУС з 1978. Працаваў у цэнтралізаванай ахове мотаўзвода начной міліцыі. Участковы інспектар Ленінскага РАУС Гродна (1982—1988). Намеснік начальніка Гродзенскага РАУС (1989—1993). Начальнік Бераставіцкага РАУС (1993—1999), Кастрычніцкага РАУС Гродна (1999—2003). Ад 2003 — намеснік начальніка УУС Гродзенскай вобласці. Ад 2005 — начальнік УУС Гродзенскага аблвыканкама. Быў дэпутатам Гродзенскага аблсавета. Скончыў Гродзенскі дзяржаўны універсітэт па спецыяльнасці «правазнаўства»

Гродзенскі журналіст Андрэй Пачобут у сваім блогу загадзя спрагназаваў адстаўку не толькі Хацько, але і ягонага намесніка, начальніка ўпраўлення фінансаў і тылу падпалкоўніка Рудніка, і начальніка аўтагаспадаркі падпалкоўніка Радзікевіча. Прэтэнзіі да іх былі ў тым, што на будаўніцтве катэджа былі задзейнічаныя міліцыянеры і міліцэйская тэхніка.

У сваім інтэрнэт‑дзённіку Андрэй Пачобут адзначае, што, сыходзячы з пасады, Генадзь Хацько напісаў у «Милицейский вестник» артыкул «Честь имею», дзе выклаў сваё бачанне падзеяў вакол сумнавядомага катэджа. «Акцэнты былі расстаўлены ў артыкуле наступным чынам —

«братва, не страляйце адзін аднаго».

Вось толькі «Милицейский вестник» артыкул свайго былога шэфа не надрукаваў. Такая вось свабода слова ў пагонах», — пісаў А.Пачобут.

Таксама журналіст адзначае, што міліцыя Гродзенскай вобласці за час кіравання Хацько «згубіла «жоўтую майку» лідэра сярод абласных упраўленняў».

Незадаволенасць працай генерала выказваў яшчэ былы міністр Уладзімір Навумаў. Справа датычылася сурагатнага алкаголю ў Ашмянах. Тады Навумаў на калегіі МУС абвясціў, што супраць Хацько і некаторых ягоных падначаленых прымененыя дысцыплінарныя спагнанні.

На час кіравання Генадзя Хацько прыпала гучная палітычная справа — арышт ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Уладзіміра Асіпенкі.

Арыштаваных вінавацяць у падрыхтоўцы тэракта супраць былога старшыні Гродзенскага аблвыканкама Уладзіміра Саўчанкі. Нібыта Аўтуховіч рыхтаваў замах на «губернатара» з гранатамётам.

Нядаўняя адстаўка Саўчанкі, дарэчы, таксама нейкім чынам можа быць звязаная са справай генерала. Кіраўнік вобласці ўвесь час заўзята абараняў Хацько.

Кажуць таксама, што пасля звальнення Хацько пачаў заглядаць у чарку. А таксама кляў мясцовага кіраўніка КДБ, што падставіў чалавека, вернага Лукашэнку.

Зміцер Панкавец

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0