Адміністрацыя капыльскай школы №2 папрасіла 10-класніка прыбраць герб «Пагоня», бел-чырвона-белы сцяг і карыкатуры на Лукашэнку са сваёй старонкі Укантакце. Хлопец пратэстуе супраць пагроз, а здымаць адмовіўся.

Алег Занкевіч вучыцца ў 10-м класе сярэдняй школы №2 горада Капыля. 

«На сваёй старонцы Укантакце я выклаў выяву герба «Пагоня», бел-чырвона-белага сцяга, а таксама фотаздымкі мітынгу БНФ. Таксама былі карыкатуры на Аляксандра Рыгоравіча», — расказвае ён.

Непрыемнасці ў Алега пачаліся пасьля таго, як настаўніца ангельскай мовы Тацяна Мароз заўважыла на яго старонцы герб «Пагоня»: «Яна проста на ўроку стала на мяне сварыцца і загадала прыняць герб. Я адказаў, што я нічога не парушаю і што гэта маё права — ставіць на старонку тое, што я хачу.

На гэта яна сказала, што, калі я не супакоюся, то пайду ўслед за сваёй бабуляй. Бабуля мая з 2000 па 2003 была актывісткай апазіцыі, але ў яе пачаліся праблемы, і яна выехала за мяжу», — расказвае хлопец.

Алег Занкевіч кажа, што дырэктар выклікаў яго з маці да сябе. Занкевіч кажа, што адміністрацыя школы пагражае паставіць сям’ю на ўлік як такую, што знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы: «Дырэктар казаў, што я нікуды не паступлю, што ў мяне будуць праблемы. Калі мяне выклікалі да дырэктара, то на пасяджэнні большасьць маўчала, нават была спалоханая, ніхто не выступаў. Гналі хвалю толькі дырэктар і выкладчыца ангельскай мовы. На пасяджэнні прысутнічаў супрацоўнік міліцыі, які казаў, што я нібыта парушыў нейкі закон. Калі я папрасіў назваць канкрэтны артыкул, які я парушыў, усе маўчалі. Яшчэ Таццяна Мароз казала, што ў мяне ёсць уплывовы сябар з Нямеччыны і што я хаджу на мітынгі БНФ, а пасля хвалюся гэтым».

Алег Занкевіч адзначыў, што наконт вучобы да яго не павінна быць прэтэнзіяў: «Я вучуся дастаткова добра. Адзінае, у мяне не атрымліваецца ангельская мова. Але па гісторыі толькі дзявяткі. Біялогія, фізіка, хімія — усё гэта добра ідзе».

Дырэктар школы Дзмітрый Рамановіч кажа, што вучня папрасілі зняць карыкатуры на прэзідэнта Беларусі, якія той перадрукаваў з розных рэсурсаў, але «Пагоню» здымаць не патрабавалі. Дырэктар таксама сказаў, што падстаў браць сям'ю на ўлік як у сацыяльна небяспечным становішчы няма, і што пра гэта гаворка не ішла.

«На яго старонцы размешчаная інфармацыя, якая абражае годнасць іншага чалавека. Я папрасіў Алега прыняць гэтую інфармацыю. Да «Пагоні» я стаўлюся абсалютна раўнадушна і адэкватна. Я лічу яе гістарычным фактам. А тое, што ён на сваёй старонцы абразіў іншага чалавека, гэта кепска, я папрасіў гэта прыбраць. Таксама я папрасіў не рабіць рассылку розных відэаролікаў настаўнікам нашай школы».

Алег Занкевіч спачатку быў выдаліў сваю старонку Укантакце, але неўзабаве аднавіў. На ёй застаюцца карыкатуры на Аляксандра Лукашэнку, а таксама выявы беларускіх нацыянальных герба і сцяга. Таксама хлопец актыўна перапошчвае навіны незалежных СМІ.

Адна з карыкатур, размешчаных Занкевічам.

Адна з карыкатур, размешчаных Занкевічам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?