Мэсэнджар Паўла Дурава Telegram абнавіўся ў версіях для Android і настольных камп’ютараў, новая версія для iOS выйдзе ў найбліжэйшы час.

Абнаўленне прынесла многа новага ў групавыя чаты. Цяпер у іх можна ўзгадваць аднога з удзельнікаў альбо пазначаць, адказам на што менавіта ёсць паведамленне. Таксама з’явілася магчымасць дадаваць хэштэгі для наступнага пошуку па тэмах.

Каб узгадаць чалавека, трэба набраць «слімак» (@) і пачаць друкаваць нікнэйм сураўмоўцы. Каб адказаць на канкрэтнае паведамленне, трэба доўга націснуць на яго і абраць «Reply» — тады арыгінальнае паведамленне будзе працытатаванае ў адказе. Каб зрабіць са слова хэштэг, трэба перад ім набраць традыцыйныя «краты» (#) — па націсканні на хэштэг карыстальнік пабачыць усе паведамленні з ім з усіх чатаў.

***

Мэсэнджар Telegram — бясплатная праграма для абмену паведамленнямі з адкрытым зыходным кодам. Праект вядзе Павел Дураў, мэсэнджар працуе на базе пратаколу MTProto, распрацаванага яго братам Мікалаем.

Стваральнікі заяўляюць аб поўнай крыпастойкасці — паведамленні шыфруюцца так, што самі распрацоўшчыкі не маюць да іх доступу (і, адпаведна, не могуць выдаць перапіску спецслужбам — у адрозненне ад канкурэнтаў).

За ўзлом шыфру распрацоўшчыкі абяцаюць прыз у 300 тысяч даляраў. Пакуль была толькі адна сур’ёзная заяўка на прыз: хакер знайшоў тэкст у незашыфраваным выглядзе ў кэшы Android-праграмы і памяці самога Android. Павел Дураў не прыняў заяўку: ён сцвярджае, што ўразлівасць належыць не мэсэнджару, а Adnroid, і што пры наяўнасці root-доступу (правоў адміністратара, атрымаць якія самастойна можа толькі дасведчаны карыстальнік) можна атрымаць любую інфармацыю, што паказваецца на экране прылады.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?