Гэты артыкул я збіралася пісаць адразу пасля прагляду фільма «Kingsman», дзе адным з правілаў галоўнага агента сакрэтнай службы, ролю якога выконвае манерны і як заўсёды бездакорны Колін Фёрт, было «оксфарды — не брогі». Не кожны зразумеў з першага разу, што размова ідзе пра абутак.

Гэта толькі адна з цытат, якая ўжо разышлася ў прасторах інтэрнэту ў якасці аформленых правіл джэнтльменаў кшталту: «манеры — твар мужчыны» ці «зброя джэнтльмена — ягоны строй» — усё адтуль.

Магчыма, вам не вельмі і патрэбна ведаць розніцу паміж відамі мужчынскага абутку, які, аказваецца, выходзіць за межы ўтрыраванага «туфлі, макасіны, красоўкі», але ўсё ж такі такія веды карысная хоць бы для таго, каб адчуць сябе знаўцам падчас прагляду гэтага фільма.

У гэтым артыкуле я засяроджуся на трох асноўных відах мужчынскага абутку, якія лічацца самымі класічнымі: оксфарды, брогі і дэрбі. 


Оксфарды, полуброгі (оксфарды з частковай перфарацыяй) і брогі

Оксфарды, полуброгі (оксфарды з частковай перфарацыяй) і брогі

1. Оксфарды

Гэта нумар адзін сярод усяго іншага. Гэта неўміручая класіка, якую парадзіла Англія ў XVIII стагоддзі, і якая стала любімым відам абутку ў студэнтаў Оксфарда.

Оксфарды — гэта самыя класічныя і самыя строгія чаравікі, якія адрознівае закрыты від шнуроўкі.

Шнуроўка – гэта, дарэчы, адзін з асноўных крытэраў, па якіх адрозніваюць абутак.

Варта ведаць, што яна бывае адкрытай і закрытай. Усё гэта гучыць цяжкавата, але я веру ў тое, што гэта можна асіліць.

Калі вы зможаце правесці пальцам па чаравіку ад верхняй часткі язычка да наска абутку, не сустракаючы ніякіх перашкод, то гэта адкрытая шнуроўка, бо бакавіны без шнуркоў свабодна разыходзяцца (верагодней за ўсё, вы трымаеце ў руках дэрбі). Калі ваш палец упрэцца ў бліжэйшае папярочнае шво, пад якое ўшытыя бакавіны з дзірачкамі для шнуркоў, і бакавіны разысціся не могуць, у вашых руках оксфарды. 

Асноўныя колеры оксфардаў — чорны і карычневы, якіх і варта прытрымлівацца пры выбары абутку пад ваш строй.

Гэта менавіта той абутак, які варта апранаць да фрака, смокінга і «пратакольнага» строю. Але асцярожней з лакавымі оксфардамі: іх можна апранаць толькі да фрака і ніяк інакш. Бо калі вы апранеце лакавыя оксфарды да звычайнага смокінга ці строю, вы будзеце выглядаць прыкладна гэтак жа, як дзяўчына ў вечаровай сукенцы падчас працы ў офісе. Таму асцярожней.

2. Брогі

Калі хтосьці ўпершыню спрабуе разабрацца ў класіфікацыі мужчынскага класічнага абутку, галоўная блытаніна заўсёды ўзнікае ў адным і тым жа: высвятляецца, што вельмі падобныя адзін на аднаго чаравікі называюцца цалкам па-рознаму. І каб не аказацца ў такім заблытаным становішчы, трэба ведаць, пра тое, што, акрамя крытэраў шнуравання, існуе другі крытэр, які гэтак жа падзяляе абутак — наяўнасць або адсутнасць дэкаратыўнай перфарацыі. Гэты крытэр існуе паралельна з першым. Калі чаравікі хоць мінімальна ўпрыгожаны перфарацыяй, то гэта — брогі. 

Пры гэтым брогі могуць быць якія заўгодна: хоць зашнураваныя оксфарды ці тыя ж дэрбі, пра якія будзе ісці размова далей. Уся фішка толькі ў дзірачках, як бы банальна гэта не гучала.

Трэба ведаць, што перфарацыя ўжо ў любым выпадку паніжае градус афіцыйнасці чаравікаў. Да і брогі, якія нам цяпер здаюцца такімі высакароднымі і прыгожымі, пайшлі зусім не з арыстакратычнага сямейства. Лічыцца, што такі абутак з маленькімі адтулінамі сталі рабіць для патрэб шатландскіх і ірландскіх жывёлагадоўцаў, якія шмат хадзілі па сырой траве і багне, і якім патрабаваўся абутак, што хутка высыхае. Але тыя сялянскія брогі, пра якія ідзе гаворка, выглядалі значна менш вытанчана, чым цяперашнія. З часам брогі сталі больш выкшталцонымі і з вялікай колькасцю дэталяў. Так, дзякуючы гэтаму доўгаму шляху, брогі сталі той разнавіднасцю мужчынскага абутку, якія выглядаюць найбольш складана. У брогах шмат дэталяў, падрабязнасцяў, элементаў. 

Чым менш на абутку дэкору і чым ён цямнейшы, тым больш строгім ён лічыцца. Таму чорныя ці цёмна-карычневыя брогі ўжо падыдуць і да дзелавога касцюма. Калі, яны, вядома, начышчаныя і на прыстойнай падэшве. Але найбольш яны будуць пасаваць для офіса.

Каб прытрымлівацца балансу і гарманічнасці ліній, не варта насіць брогі з занадта вузкімі штанамі, інакш ногі будуць выглядаць непамерна вялікімі.

3. Дэрбі

Асноўнае адрозненне ад оксфардаў зноў такі ў шнуроўцы.

Дэрбі (англ. derby shoes) — туфлі з адкрытай шнуроўкай, у якіх бакавіны нашытыя над пярэдняй часткай. 

То бок, узгадваючы папярэдняе апісанне відаў шнуровак, гэта той, калі вы можаце правесці пальцам ад пачатку язычка да наска абутку, не сустрэўшы папярэчных швоў. З-за гэтай шнуроўкі дэрбі лічацца менш афіцыйнымі і выглядаюць часам даволі грувасткімі. Дэрбі ў сваю чаргу могуць быць і з перфарацыяй, то бок дэрбі-брогі. 

Для таго, каб было зразумела: дэрбі і оксфарды — гэта класіфікацыя абутку па выглядзе шнуроўкі, а брогі і не-брогі — класіфікацыя па наяўнасці і адсутнасці перфарацыі.

На іншым відзе мужчынскага класічнага абутку я засяроджуся ў наступным артыкуле.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?