Kingsman: Сакрэтная служба
Жанр: баявік, прыгоды, камедыя
Рэжысёр: Мэцью Вон У ролях: Тэран Эджэртан, Колін Фёрт, Сэмюэл Л. Джэксан, Марк Стронг, Сафі Куксан, Майкл Кейн, Сафія Бутэла, Саманта Янус, Марк Хэміл Вялікабрытанія, 130 хв.
Адзнака: 9.

Эгзі прайшоў службу ў марской пяхоце і мае высокі ўзровень інтэлекту. Але цяпер хлопец абраў іншы шлях і стаў дробным злачынцам. Аднойчы ён знаёміцца з Гары Хартам, якому яго бацька калісьці выратаваў жыццё. Гары паведамляе Эгзі, што з’яўляецца агентам сакрэтнай незалежнай шпіёнскай арганізацыі Kingsman, якая мае на мэце бараніць свет ад шматлікіх пагроз. Ён прапануе хлопцу прайсці навучанне і стаць новым сябрам іх каманды. Ці зможа Эгзі справіцца з усімі выпрабаваннямі?

Сюжэт фільма заснаваны на коміксе Марка Мілара і Дэйва Гібанса The Secret Service.

Брытанец Мэцью Вон, вядомы рэжысёр фантастычных баевікоў, пераўзышоў сябе і фактычна адрадзіў жанр шпіёнскага баевіка, дадаўшы ў пастаноўку ладную долю чорнага гумару. Вядома, чалавецтва чакае сусветная катастрофа, і ўратаваць ад яе вырашае злачынца-вычварэнец далёка не этычным спосабам.

Прысутнічае і галоўны герой, малады і зялёны, але ў вырашальны момант ад яго залежыць існаванне чалавецтва. Пад шчодрым слоем кпінаў і гумару закранутыя важныя тэмы: канфлікт пакаленняў, класавая сістэма англійскага грамадства, хатні гвалт, экалагічная катастрофа.

Акрамя таго, глядач атрымае магчымасць палюбавацца Колінам Фёртам у незвычайным для яго амплуа супергероя: 80% трукаў акцёр выканаў сам.

Адметнасць стужкі і ў фірмовым англійскім стылі. Крама адзення Kingsman, прыкрыццё сакрэтнай службы, капіюе сусветна вядомую краму Huntsman, якая пазычыла некаторыя прадметы для здымак. А інтэрнэт-крама Mr Porter ужо выпусціла калекцыю адзення пад назвай Kingsman: поўны набор рэчаў, якія павінны быць у гардэробе брытанскага сакрэтнага агента.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?