Расійская карціна «Левіяфан» рэжысёра Андрэя Звягінцава выйграла прэстыжную амерыканскую прэмію «Залаты глобус» (Golden Globe Award) у намінацыі «найлепшы замежны фільм». Раней фільм увайшоў у топ-10 найлепшых кінастужак года па версіі Associated Press.

Канкурэнцыю «Левіяфану» ў барацьбе за «Залаты глобус» склалі карціны «Мандарыны» (Эстонія), «Іда» (Польшча), а таксама «Форс-мажор» (Швецыя) і «Развод Вівіян Амсалем» (Ізраіль). Беларуская карціна яшчэ ні разу рэальна не прэтэндавала ані на Глобус», ані на «Оскар».

«Левіяфан» Андрэя Звягінцава раней ужо атрымаў некалькі ўзнагарод еўрапейскіх кінафестываляў.

Герой фільма — Мікалай, жыхар мястэчка на беразе Баранцавага мора. Прадажны мэр спрабуе канфіскаваць у яго маёмасць. Галоўныя ролі ў драме выканалі Аляксей Серабракоў, Алена Лядова, Раман Мадзянаў і Уладзімір Удавічэнка.

Фільм Звягінцава жорстка выкрывае сучасны стан расійскага грамадства — карупцыю і зрастанне Рускай праваслаўнай царквы з аўтарытарнай дзяржаўнай машынай.

Па словах самога Звягінцава, жывучы ў Расіі, адчуваеш сябе, «як на мінным полі».

«У вас няма асаблівых перспектыў — ні ў жыцці, ні ў прафесіі, ні ў кар'еры, калі вы не «падключаныя» да каштоўнасцяў сістэмы. Гэта дурны грамадскі лад, вечны праклён нашай тэрыторыі. Мне 50 гадоў, і я ні разу ў жыцці не галасаваў на выбарах, бо я абсалютна ўпэўнены, што ў нашай сістэме гэта цалкам бессэнсоўна», — сказаў Звягінцаў у інтэрв'ю брытанскай газеце «Гардыян».

Фота buro247.ru.

Фота buro247.ru.

Апошнім расійскім (а, дакладней, савецкім) фільмам, які да «Левіяфана» быў уганараваны «Залатым глобусам», была «Вайна і мір» рэжысёра Сяргея Бандарчука ў 1969-м.

Галоўны «Залаты глобус» — за найлепшы фільм-драму — дастаўся карціне Рычарда Лінклейтера «Малалецтва».

За прыз у намінацыі «Найлепшы фільм-драма» таксама змагаліся «Сельма» Авы ДзюВэрнэй, «Сусвет Стывена Хокінга» Джэймса Марша, «Паляўнічы на лісаў» Бэнэта Мілера і «Гульня ў імітацыю» Мортэна Тыльдума.

Найлепшай камедыяй / мюзіклам прызнаны «Гатэль «Гранд Будапешт» Уэса Андэрсана. Ён спаборнічаў з фільмамі «Бэрдмэн» Алехандра Гансалеса Іньярыту, «Чым далей у лес» Роба Маршала, «Гонар» Мэт'ю Уорчаса і «Сэнт-Вінсэнт» Тэда Мэлфі сталі фіналістамі у катэгорыі «Найлепшая камедыя ці мюзікл».

Найлепшым рэжысёрам стаў Рычард Лінклейтэр за фільм «Малалецтва». Найлепшым сцэнарам быў абвешчаны сцэнар да карціны «Бэрдмэн» Алехандра Гансалеса Іньярыту.

У катэгорыі «найлепшы акцёр» перамог Эдзі Рэдмэйн («Свет Стывена Хокінга»), найлепшай акцёркай прызнаная Джуліяна Мур за ролю ў фільме «Усё яшчэ Эліс».

Узнагароды за ролі атрымалі Патрыцыя Аркет («Малалецтва») і Джонатан Кімбл Сіманс («Апантанасць»).

Эмі Адамс названая найлепшай камедыйнай актрысай за мюзікл «Вялікія вочы», а ў аналагічнай мужчынскай намінацыі перамог Майкл Кітан за галоўную ролю ў фільме «Бэрдмэн».

Кевін Спэйсі прызнаны найлепшым выканаўцам галоўнай мужчынскай ролі ў драматычным серыяле («Картачны домік»), Рут Уілсан названая найлепшай актрысай ў драматычным серыяле («Каханкі»).

Найлепшым камедыйным серыялам стала «Відавочнае» — аб праблемах транссэксуалаў, найлепшым драматычным — «Каханкі».

У намінацыі «найлепшы анімацыйны фільм» перамагла карціна «Як прыручыць дракона — 2».

Самым скандальным падзеяй цырымоніі стала пазіраванне Мэрыл Стрып з жанчынай, апранутай у паўночнакарэйскую вайсковую форму. Цырымонію вялі амерыканскі камедыйны дуэт Ціна Фэй і Эмі Полер.

«Залаты глобус» лічыцца своеасаблівай размінкай перад уручэннем «Оскара» і другой па прэстыжнасці узнагародай у свеце кіно. «Глобусы» прысуджае Асацыяцыя замежнай прэсы Галівуда. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?