Які дзень Вольга Грунова, маці асуджанага да смяротнага пакарання Аляксандра Грунова, не знаходзіць сабе месца. Напярэдадні жанчына атрымала на пошце кардонныя скрынкі з адзеннем сына, у якім ён знаходзіўся ў камеры смяротнікаў у мінскай турме па вуліцы Валадарскага.

13 кастрычніка Вольга Грунова была на спатканні ў турме, а 29 кастрычніка нехта Пятровіч В.У. даслаў ёй у Гомель з мінскага паштовага аддзялення №115 тры кардонныя скрынкі. Адрас адпраўніка не абазначаны, напісана толькі: «Да запатрабавання».

У скрынках акрамя звычайнага адзення ляжала і турэмная роба з намаляваным белым вакол, пасярэдзіне якога — літары «ИМН». Усё гэта і паказвае з плачам Вольга Грунова, якую раз-пораз перабівае не зусім цвярозая сяброўка Валянціна.

Валянціна: «Няправільна! Твой ліст да яго не дайшоў. Сакратару дайшоў, дык сакратара трэба караць, а не Лукашэнку». Грунова: «Ён памілавання не зрабіў. Не зрабіў. Усё. Ад яго ўсё залежала». Маці выцягвае з кучы адзення турэмную робу сына і цяпер ужо жорстка лае тых, хто даслаў ёй вопратку: «Яны, жывёлы, сунулі тое, у чым ён знаходзіўся там, і мне кінулі. Яно мне наогул не трэба. Я яму не дасылала такога. Ён хадзіў у мяне ў лепшым. Гэта не яго, гэта іх. Жывёлы, каб іх пранцы зжэрлі… Вось, можаце сфатаграфаваць».

На думку праваабаронцаў, сам факт, што маці атрымала асабістыя рэчы сына, хутчэй за ўсё азначае, што Аляксандра Грунова ўжо расстралялі — у перыяд паміж 13 і 29 кастрычніка. Такая практыка склалася ў сістэме выканання пакаранняў Беларусі: рэчы асуджанага да расстрэлу адсылаюць родным пасля таго, як прысуд выкананы.

Афіцыйнага паведамлення пра смяротнае пакаранне сына Вольга Грунова пакуль не атрымала. Не выдаюць у Беларусі родным і блізкім і цела расстралянага, а месца яго пахавання трымаецца ў сакрэце.

Пакуль Аляксандр Груноў знаходзіўся ў турме, гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка, які, як і многія іншыя актывісты, выступае за мараторый на смяротнае пакаранне, накіраваў па даверанасці Грунова ў Камітэт ААН па правах чалавека яго індывідуальную скаргу — на шматлікія парушэнні падчас правядзення следства па справе забойства студэнткі Наталлі Емяльянчыкавай.

«Камітэт ААН зарэгістраваў гэтую скаргу і ў той жа дзень накіраваў ураду Беларусі просьбу не выконваць смяротны прысуд да таго часу, пакуль скарга не будзе разгледжаная. На жаль, мы бачым, што ўрад зноў праігнараваў свае міжнародныя абавязацельствы», — адзначыў Леанід Судаленка.

Нагадаем, Гомельскі абласны суд двойчы выносіў прысуд аб вышэйшай меры пакарання ў дачыненні да Аляксандра Грунова за асабліва жорсткае забойства студэнткі Наталлі Емяльянчыкавай. Сваёй ахвяры забойца нанёс больш за сотню нажавых раненняў. Першы прысуд Грунову быў адменены Вярхоўным судом з прычыны працэдурных парушэнняў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?