У Брэсце адкрылася выстава вядомага расійскага мастака Нікаса Сафронава.
Сафронаў прывёз у горад над Бугам 76 работ на свецкую і рэлігійную тэмы. Карціны выстаўлены ў мастацкім музеі, які знаходзіцца ў Паўднёвых казармах Брэсцкай крэпасці, паведамляе Брестская газета.

Адной з работ, якая найбольш зацікавіла гледачоў на адкрыцці, стаў партрэт Аляксандра Лукашэнкі. Мастак намаляваў беларускага кіраўніка ў касцюме часоў Францыска Скарыны.

«Аляксандр Рыгоравіч мне спецыяльна не пазіраваў, у нас толькі ёсць дамоўленасць. То бок, гэтая праца яшчэ будзе,
- распавёў на прэс-канферэнцыі Нікас Сафронаў. - Я не люблю фатаграфіі і тым больш маляваць па фатаграфіі, але ёсць зборны вобраз, які я паспрабаваў узнавіць».
Між тым Еўрарадыё паведамляе, што партрэт Аляксандра Лукашэнкі знялі з выставы.

Губернатар вобласці Канстанцін Сумар асабіста павёз карціну ў падарунак кіраўніку краіны.

«Партрэт Лукашэнкі ў касцюме Францыска Скарыны. Учора ж наш губернатар павёз гэтую карціну ў Мінск, падарунак прэзідэнту… Цікавая карціна, адразу пытанне — чаму ў такім вобразе. Але назва сама за сябе гаворыць — у касцюме Францыска Скарыны», — расказваў кіраўнік філіяла Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея «Мастацкі музей» Васіль Гуляеў.

У музеі расказваюць, што адкрыццё выставы карцін Нікаса Сафронава выклікала незвычайную ўвагу сярод палітычнай эліты Брэста. На ім прысутнічалі «усе галіны ўлады… вялікі бамонд». На жаль, пабачыць незвычайны партрэт кіраўніка Беларусі ўжо немагчыма.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0