Першы ўрад БНР — Народны Сакратарыят: (злева направа, сядзяць) Алесь Бурбіс, Янка Серада, Язэп Варонка (старшыня), Васіль Захарка; (стаяць) Аркадзь Смоліч, Пётра Крачэўскі, Кастусь Езавітаў, Антон Аўсянік, Лявон Заяц.

Першы ўрад БНР — Народны Сакратарыят: (злева направа, сядзяць) Алесь Бурбіс, Янка Серада, Язэп Варонка (старшыня), Васіль Захарка; (стаяць) Аркадзь Смоліч, Пётра Крачэўскі, Кастусь Езавітаў, Антон Аўсянік, Лявон Заяц.

Дэлегацыя БНР у Празе (1919 г.): (стаяць) Лявон Дубейкаўскі, Янка Чарапук, Яфім Бялевіч; сядзяць: Яўген Ладноў, Васіль Захарка, Янка Серада, Лявон Заяц.

Дэлегацыя БНР у Празе (1919 г.): (стаяць) Лявон Дубейкаўскі, Янка Чарапук, Яфім Бялевіч; сядзяць: Яўген Ладноў, Васіль Захарка, Янка Серада, Лявон Заяц.

Раман Скірмунт — старшыня Другога Урада БНР.

Раман Скірмунт — старшыня Другога Урада БНР.

Трэцяя Устаўная грамата была выдрукавана ў газеце «Вольная Беларусь» 31 сакавіка 1918 г.

Трэцяя Устаўная грамата была выдрукавана ў газеце «Вольная Беларусь» 31 сакавіка 1918 г.

Тэкст Трэцяй Устаўной граматы, што абвяшчаў незалежнасць БНР.

Тэкст Трэцяй Устаўной граматы, што абвяшчаў незалежнасць БНР.

Карта межаў БНР.

Карта межаў БНР.

«Усё пачыналася з простай цікавасці, з чытання двухтомных «Архіваў БНР», выдадзеных у Празе Сяргеем Шупам, — расказвае пані Дарота. — Гэта сенсацыйная кніга!
Яна мяне проста захапіла. З тых дакументаў паўставалі настолькі яскравыя вобразы стваральнікаў БНР: гэта былі прадстаўнікі маладога пакалення — імпэтнага, ідэалістычнага. Я зацікавілася — як жа ўсё адбывалася з БНР? Пасля было чытанне апублікаваных беларускімі гісторыкамі матэрыялаў і ўрэшце — гэты дактарат».
Кніга Дароты Міхалюк — найгрунтоўнейшае даследаванне, прысвечанае БНР. Яна выйшла ў 2010 па-польску. Яе пераклалі ўжо на беларускую мову, але яна яшчэ чакае публікацыі.
600-старонкавая манаграфія «Беларуская Народная Рэспубліка 1918—1920. Ля вытокаў беларускай дзяржаўнасці» была адначасова доктарскай дысертацыяй спн.Міхалюк.

Беларускае прозвішча аўтаркі невыпадковае: яе род паходзіць з Падляшша, але лінія дзеда з боку маці — з Пружаншчыны, дзяды воляй лёсу ў 1940-я апынуліся па заходні бок новай мяжы.

Спазніліся на 22 дні

«Беларусы мелі надзвычай малое поле для манеўраў», — піша даследчыца, звяртаючы ўвагу на складаныя ўмовы, у якіх была абвешчаная незалежнасць.
Можна сказаць, што беларусы спазніліся на 22 дні: пасля нямецка-расейскага замірэння ў Брэсце немцы пагадзіліся з бальшавікамі не прызнаваць дзяржаўных утварэнняў, якія паўстануць на тэрыторыі былой Расійскай імперыі пасля 3 сакавіка 1918.

Складанымі былі і ўнутрыпалітычныя абставіны. «Я б вылучыла два неспрыяльныя ўнутраныя фактары, — кажа даследчыца. — Першы — гэта бежанства. Вялізная колькасць людзей, якія перад вайной насялялі беларускія тэрыторыі, былі з набліжэннем фронту Першай сусветнай пераселеныя ў цэнтральныя расійскія губерні. Яны не маглі браць удзел ў падзеях 1917—1918 гадоў, калі крышталізавалася беларуская дзяржаўніцкая ідэя. І ў іх свядомасці па вяртанні з бежанства ў пачатку 1920-х не было ўяўлення пра БНР.

Нацыянальная бяда — няўменне дамовіцца

Другім фактарам, які трагічна паўплываў на лёс БНР, было тое, што яе заснавальнікі не змаглі стварыць праграму, прывабную для ўсёй тагачаснай беларускай супольнасці.
А беларусы не былі адзінай этнічнай групай на тэрыторыі БНР, — падкрэслівае Дарота Міхалюк. — Былі палякі, габрэі...

Нават у Радзе БНР некаторыя былі супраць ідэі беларускай незалежнасці. У Літве, Латвіі стварэнне сваёй дзяржавы ўспрымалі больш аднадушна.

Літоўцы, латышы здолелі ўзняцца над другаснымі спрэчкамі дзеля ідэі незалежнасці. У Беларусі ж некалькі партый не змаглі выкшталтаваць супольную праграму дзейнасці. Магчыма, справа была ў нявер’і ў поспех у тых цяжкіх умовах. Гэта выклікала абвінавачанні і канфлікты, узаемны недавер».

Недахоп салідарнасці, нецярпімасць многіх беларускіх дзеячаў адзін да аднаго даследчыца лічыць адной з галоўных прычынаў слабасці БНР: «Асабістая непрыязь перашкаджала супольнай працы на карысць незалежнасці.
Яскравыя прыклады — Варонка і Скірмунт, потым Варонка і Луцкевіч, Луцкевіч і Ластоўскі. Каб не ўзаемнае нецярпенне, колькі б яны маглі зрабіць разам! Нават калі не дзяржава, нават калі не незалежнасць — можна было б, салідарызаваўшыся, болей выйграць, мець мацнейшыя пазіцыі ў будучыні. Калі Заходняя Беларусь была ў складзе Польшчы, можна было б мець большы поспех у пытаннях асветы, культуры».

Радзе скардзіліся

Ці гатовае было грамадства тагачаснай Беларусі прыняць уладу БНР? Пра гэта найлепей засведчыў бы рэферэндум, праведзены на беларускіх землях, ці выбары, кажа гісторык. Але такое не было магчыма. «Ускосна пра думку насельніцтва могуць сведчыць матэрыялы архіваў БНР. У іх знаходзім мноства лістоў, просьбаў, звернутых да Рады пасля абвяшчэння БНР. Людзі скардзіліся, напрыклад, на нямецкія вайсковыя рэквізіцыі. Або звярталіся па пасведчанні аб пражыванні на тэрыторыі Беларусі, каб атрымаць ад нямецкіх уладаў згоду на перамяшчэнне. Захаваліся і лісты людзей, якія хацелі вырабіць сабе пашпарты БНР. Гэта можна лічыць у нечым недасканалым, але пацверджаннем таго, што звесткі пра БНР паступова шырыліся сярод насельніцтва».

Але ў вялікай меры БНР заставалася больш ідэяй, чым рэальным дзяржаўным утварэннем, лічыць Дарота Міхалюк:
«Стваральнікі БНР засноўвалі міністэрствы, камісарыяты, надавалі паўнамоцтвы ў час, калі не быў дасягнуты кантроль урада над тэрыторыяй дзяржавы, не было свайго войска...»

Спробы ствараць уласныя вайсковыя фармацыі, без якіх у тыя грозныя часы не магло ісці гаворкі пра дзяржаву, былі. Аднак на тэрыторыі Беларусі ўвесь час знаходзілася чужое войска — нямецкае, бальшавіцкае, польскае, літоўскае... Усе гэтыя войскі мабілізавалі беларусаў пад чужую каманду.

Дзве самыя яскравыя спробы сфармаваць уласныя беларускія збройныя сілы прыпадаюць на 1920-ы — гэта Слуцкі збройны чын і Палескі паход Булак-Балаховіча. І там, і там уздымаліся сцягі БНР, аднак надзеі на прызнанне ў той час ужо не было: Беларусь стаяла на парозе Рыжскага падзелу.

Ці хтосьці з суседзяў прызнаў БНР?

Манаграфія Дароты Міхалюк змяшчае грунтоўны картаграфічны дадатак, знойдзены ў кіеўскіх архівах. «Мапы парадкуюць разуменне, — кажа яна. — У дакументах Украінскай Народнай Рэспублікі мне ўдалося знайсці мапы беларуска-ўкраінскай мяжы, якую спрабавалі дэмаркаваць у 1918-м. Пра гэтыя перамовы я чытала ў дакументах БНР. Цікава, што экспертам беларускага боку ў гэтым пытанні быў гісторык Мітрафан Доўнар-Запольскі, які лічыў самай натуральнай мяжой між дзвюма дзяржавамі паўднёвую мяжу Вялікага Княства Літоўскага ў XVIII ст. Першая на яго ўклад у фармаванне канцэпцыі межаў Беларусі звярнула ўвагу гісторык з Гомеля Валянціна Лебедзева».

Перамовы вяліся, быў грашовы крэдыт ад гетмана Скарападскага, але ці прызнала УНР незалежнасць Беларусі? «Адзінай краінай, якая ў разгледжаны мной перыяд безумоўна прызнала БНР — як падаецца, — была Фінляндыя... Увогуле, якім крытэрыям мусіць адпавядаць дзяржава, каб быць прызнанай? Прашу памятаць, што гэта быў пачатак ХХ стагоддзя, нацыянальных дзяржаў у Еўропе было яшчэ няшмат. — кажа Дарота Міхалюк. — Агульных стандартаў у 1918-м яшчэ не існавала. Стандарты былі зацверджаныя «Канвенцыяй аб правах і дзяржавах 1933 года», прынятай у Монтэвідэа. Гэта кантроль над тэрыторыяй, наяўнасць войска, падтрымка насельніцтва, наяўнасць урада...»

Беларуска-ўкраінская мяжа, дарэчы, не ратыфікаваная дагэтуль.

«Ад Луцкевіча чакалі іншага»

Урады за два гады змяніліся аж чатыры. Які з іх дабіўся найбольшага поспеху? «Усе яны дзейнічалі ў розных умовах, іх цяжка параўноўваць, — кажа даследчыца. — Мне імпануе Рада Язэпа Варонкі.
Яна здолела рэалізаваць многія ініцыятывы, пачынаючы ад самога абвяшчэння незалежнасці, арганізацыі ўрада ва ўмовах акупацыі. Бо нямецкая адміністрацыя ўспрымала Раду не як палітычную арганізацыю, а як народнае прадстаўніцтва. Дазволена была толькі культурна-асветная дзейнасць. Але і тут Варонка многага здолеў дасягнуць.
Добра да працы на міжнародным форуме быў падрыхтаваны Раман Скірмунт: выкшталцоны, ведаў мовы, палітычна дасведчаны (быў дэпутатам Думы і добра сябе зарэкамендаваў), з еўрапейскімі сувязямі — Антон Луцкевіч шмат у чым яму саступаў.
Але абшарнік Скірмунт не меў падтрымкі ў левага крыла беларускага руху, якое вінаваціла яго ў прапольскай, пранямецкай арыентацыі, як і ў тым, што не даў рады абавязкам прэм’ера».

Апошняя Рада, Луцкевічава, адзначае Дарота Міхалюк, дзей-нічала ў зусім іншых палітычных абставінах. Варонка мог працаваць у Беларусі, Луцкевіч — не, тэрыторыя была занятая бальшавікамі, а потым і польскімі аддзеламі.

«Луцкевіч — таямнічая асоба, — кажа яна. — Не да канца зразумелая. Дзівіць яго пазіцыя, выказаная ў мемарыяле, звернутым да Парыжскай мірнай канферэнцыі ў студзені 1919-га.
У той час, як урады Літвы, Польшчы ў такіх дакументах шмат увагі надавалі эканамічным аспектам дзейнасці сваіх дзяржаў, палітыцы адносінаў з суседзямі, Луцкевіч сцвярджаў само права беларусаў на незалежнасць. Пісаў больш пра гістарычную традыцыю дзяржаўнасці, чым пра тое, як яго сённяшняя беларуская дзяржава мае функцыянаваць. Ад прадстаўнікоў новых краін чакалі іншага. Хоць беларусам ясна далі зразумець у Парыжы, што спадзявацца ім няма на што.

Цікава таксама было пабачыць беларускія дакументы, перакладзеныя на англійскую мову: у іх Беларусь называецца White Russia. Гэта выклікала цэлую дыскусію: англічане палічылі, што гэта расейскія белагвардзейцы дайшлі аж да Вільні... Веданне пра Беларусь у Заходняй Еўропе было слабае».

Ніводная з расійскіх сілаў не хацела беларускай незалежнасці

У часе Парыжскай канферэнцыі група беларускіх эсэраў, не паведаміўшы Луцкевічу, склала дамову пра супрацу з бальшавіцкай Расіяй.

На што разлічвалі Бадунова, Мамонька і іншыя, ідучы на супрацу з бальшавікамі? «Бальшавіцкая праграма сацыяльнага ўладкавання дзяржавы часткова адпавядала іх поглядам. Таксама былі кар’ерныя памкненні — заняць месца ва ўрадзе будучай дзяржавы, створанай з дапамогай бальшавікоў. І такая, як вядома, паўстала ў 1919 у Смаленску. Бальшавікі таксама ўмелі выкарыстаць велічэзную непрыхільнасць беларускіх эсэраў да Польшчы.

Бальшавікі, дарэчы, насуперак сваім заявам, зусім не падтрымлівалі памкненне суседніх народаў да стварэння нацыянальных дзяржаў. Дый ніводная з расійскіх палітычных сілаў не ўяўляла сабе асобнага існавання Украіны і Беларусі, — кажа даследчыца. — З вялікай незадаволенасцю яны назіралі за палітычным развіццём беларускага і ўкраінскага нацыянальных рухаў. Аднак нельга было ўжо ігнараваць абвяшчэнне незалежнасці БНР і УНР. Выдадзеныя ў 2005 у Мінску дакументы «1 января 1919 года» вельмі цікава паказваюць прычыны паўставання БССР».

Фактар Пілсудскага

Была яшчэ адна ідэя ўпарадкавання Беларусі — польская. Яе выказаў Юзаф Пілсудскі. Яна была праявай досыць папулярнага ў тагачаснай Польшчы мыслення, што Беларусь — гэта Усходняя Беларусь, а Віленшчына і Гродзеншчына — тэрыторыі, якія на ўмовах інкарпарацыі або федэрацыі бачыліся ў складзе Польскай дзяржавы. Луцкевіч не мог на такое пагадзіцца. «Трагедыя БНР у тым, што беларуская тэрыторыя ў той час была аб’ектам палітычнай гульні суседзяў — Польшчы, Літвы, Савецкай Расіі, а ідэя беларускай незалежнасці не мела міжнароднай падтрымкі з боку дзяржаваў Антанты», — кажа Дарота Міхалюк.

У выніку Заходняя Беларусь на міжваеннае дваццацігоддзе апынулася ў польскіх руках. Але Усходняя, пры большым шанцаванні, магла б застацца хоць напалову незалежнай, ствараць дзяржаўныя інстытуцыі, замацоўваць у жыхароў усведамленне ўласнай дзяржаўнасці.
Магчыма, прасцей бы пайшоў працэс аднаўлення дзяржавы ў 1990-я? «Які сэнс гадаць пра тое, што магло б быць? Сапраўдная гісторыя настолькі захапляльная, што ніякія прыдумкі не ідуць з ёй у параўнанне», — кажа даследчыца.

***

Адзінай краінай, якая фактычна прызнала БНР у 1918—1920, была Фінляндыя. Грузія, Азербайджан, Рэспубліка Дон і Латвія заключылі з БНР палітычны саюз. Латвія, Германія, Літва, Эстонія, Чэхія пагадзіліся прыняць прадстаўніцтвы БНР. Гетман Украіны Скарападскі даў БНР крэдыт і вусна дэклараваў прызнанне, аднак ніякімі дакументамі гэта не было пацверджана.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?