Расія забароніць фільмы, што «пагражаюць нацыянальнай еднасці»

Фільмы, што змяшчаюць матэрыялы, якія «ганяць нацыянальную культуру, ствараюць пагрозу нацыянальнаму адзінству і падрываюць асновы канстытуцыйнага ладу», могуць не атрымаць пракатнае пасведчанне ў Расіі, распавядае Meduza.

15.01.2015 / 14:31

Кадр з фільма «Левіяфан»

Новыя патрабаванні да прэтэндэнтаў на кінапракат у Расіі ўтрымліваюцца ў праекце пастанаўлення, што падрыхтаваў расійскі ўрад.

Пастанаўленне мусіла пачаць дзеянне з 1 студзеня, але было адкладзенае — яшчэ не атрыманыя водгукі ад усіх міністэрстваў. Абмеркаванне законапраекту завершанае, разглядацца будуць адно заўвагі, унесеныя падчас абмеркавання.

Эксперты выказалі здзіўленне з’яўленню панятка «нацыянальная еднасць».

Галоўны рэдактар часопіса «Искусство кино» Данііл Дандурэй назваў гэта «беспрэцэдэнтнай атакай на здаровы сэнс». Галава КінаСаюза Андрэй Прошкін лічыць, што гэта можа прывесці да забароны фільмаў, што «выбіваюцца са звыклых рамак». Кіраўнік пракатнай кампаніі «Кино без границ» Сэм Клябанаў адзначыў, што невядома, як размытае азначэнне будуць трактаваць чыноўнікі.

Аляксандр Арсёнаў