Міхалок на Майдане: Вы далі адпор палітычнаму беспрадзелу, вы — супергероі!

08.12.2013 / 00:24

фота Радыё Свабода

Беларускі гурт «Ляпіс Трубяцкі» выступіў у суботу на Майдане Незалежнасці ў Кіеве. Сёння меўся адбыцца гастрольны канцэрт «Ляпісаў» ў кіеўскай Stereoplaza, але гурт завітаў на Майдан, дзе выканаў некалькі песняў.

Сяргей Міхалок звярнуўся да прысутных (паводле ўкраінскіх СМІ, на Майдане вечарам суботы сабраліся каля 15 тыс. чалавек):

«Мы тут, каб перадаць вялікае вітанне з Беларусі. Мы, беларусы, глядзім на вас з павагай і захапленнем.

Бо сваім прыкладам вы паказалі, што з дапамогай мужнасці, гераізму і салідарнасці і народнага адзінства можна не толькі змагацца за свае грамадзянскія правы і свабоды, але і рэальна даць адпор палітычнаму, дзяржаўнаму і паліцэйскаму беспрадзелу. Вы — супергероі! Ура!» 

«Ляпісы» выканалі некалькі песняў, у тым ліку «Не быць скотам!».

Падчас выступу двое маладых людзей узнялі бел-чырвона-белы сцяг на самым высокім будынку каля Майдана.

Відэа Ірыны Арахоўскай і Ганны Бадзяка